Беларусы скупляюць землі і кватэры ў Польшчы: навошта яны гэта робяць?

© Sputnik / Антон Денисов / Перайсці ў медыябанкВаршава
Варшава - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Sputnik пацікавіўся ў рыэлтараў і юрыстаў прычынай такой пакупніцкай актыўнасці, бо наяўнасць ва ўласнасці зямлі і квадратных метраў у РП не дае візавых пераваг.

Алена Альшанская, Sputnik.

Беларускія грамадзяне і юрыдычныя асобы за мінулы год усталявалі своеасаблівы рэкорд па куплі нерухомасці ў Польшчы, сведчаць справаздачы міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі гэтай краіны.

Замежнікам, паводле дадзеных МУС Польшчы, у 2015 годзе было выдадзена 335 дазволаў (225 — фізічным і 110 — юрыдычным асобам) на куплю зямлі агульнай плошчай 459,86 гектара. Найбольшым попытам карысталіся надзелы (уключаючы сельскагаспадарчыя ўгоддзі і лясныя дачы) у Мазавецкім, Заходнепаморскім і Вармінска-Мазурскім ваяводствах.

Сядзіба Дзяконскіх - Sputnik Беларусь
Шляхецкую сядзібу ў Пружанскім раёне прадалі за 213 млн рублёў

Беларусы па ліку здзелак занялі другое месца пасля грамадзян і юрыдычных асоб Украіны. Так, дазвол на куплю нерухомасці атрымала 27 грамадзян і адна кампанія з Беларусі на 5,95 гектара зямлі. Для параўнання, украінцам было выдадзена 99 дазволаў на 15,45 гектара зямлі.

У першай пяцёрцы пакупнікоў таксама грамадзяне і кампаніі з Германіі, Расіі, Нідэрландаў.

Актыўнасць беларусаў і іх цікавасць да польскай нерухомасці, як сведчаць дадзеныя МУС Польшчы, расце з году ў год: у 2014 годзе дазвол атрымалі 13 грамадзян, у 2013 — 11, у 2012 — 17, у 2011 — 14. Такім чынам, у 2015 годзе быў усталяваны нацыянальны рэкорд.

Акрамя таго, за 2015 год грамадзяне Беларусі набылі ў Польшчы больш за 10,2 тысячы квадратных метраў нерухомасці, з якіх 8,7 тысяч квадратных метраў прыйшлося на жылую нерухомасць і 1,3 тысячы — на камерцыйную. Пры гэтым фізічныя асобы купілі крыху больш за 10 тысяч квадратных метраў, астатняе прыпала на долю юрыдычных асоб.

Чаму яны абіраюць Польшчу?

Цікавасць беларускіх грамадзян да набыцця нерухомасці ў краінах Усходняй і Заходняй Еўропы пастаянна расце, адзначылі прадстаўнікі рыэлтарскіх арганізацый у гутарцы з карэспандэнтам Sputnik.

Прычына, на іх думку, палягае ва ўзмацненні эканамічнага крызісу ў Беларусі. Значэнне маюць і адносная таннасць жылля і зямельных надзелаў у параўнанні з коштамі ў беларускай сталіцы і паблізу яе, абмежаванні на куплю зямельных надзелаў у непасрэднай блізкасці ад Мінска. Многія здзяйсняюць здзелкі з нерухомасцю ў надзеі на стварэнне ўласнага бізнесу ў абранай краіне, паколькі польскае заканадаўства ўяўляецца пакупнікам больш стабільным, а бізнэс-клімат — больш прывабным.

"Калі не разглядаць курортныя напрамкі, калі жыллё набываецца для адпачынку падчас знаходжання ў абранай краіне, то можна сказаць, што найбольш прывабным з'яўляецца Польшча. Акрамя чыста эканамічных прычын, тут працуюць і культурныя трэнды: у беларусаў і палякаў вялікі перыяд сумеснай гісторыі, яны з лёгкасцю ўсталёўваюць стасункі, дарога займае крыху часу і каштуе адносна танна", — адзначылі суразмоўцы Sputnik.

І сама Польшча не імкнецца зачыняць мяжу ад беларусаў, нягледзячы на ўвядзенне візавага рэжыму, і стварае спрыяльныя ўмовы для ўваходжання замежных інвестыцый у краіну. Акрамя таго, значная колькасць беларусаў мае "карту паляка", што палягчае ім пераезд і дае пэўныя перавагі.

Танны польскі злоты і нізкія кошты на жыллё

Да таго часу, пакуль дзяржаўнай валютай Польшчы будзе заставацца польскі злоты, рынак нерухомасці будзе вельмі прывабным для патэнцыйных пакупнікоў.

Злоты, паводле ацэнкі Deutsche Bank, "надзвычай танны" і недаацэнены прыкладна на 10%. Аднак, як мяркуюць эксперты, курс злотага будзе расці, паколькі гэтаму спрыяюць перспектывы эканамічнага росту Польшчы: высокія паказчыкі дзелавой актыўнасці, рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя і рост заработнай платы.

Гэтыя фактары, безумоўна, прывядуць да росту коштаў на нерухомасць, але яны ж адначасова з'яўляюцца і тымі, што прыцягваюць у Польшчу беларусаў, якія імкнуцца стварыць свой бізнэс.

Між тым, беларускія рыелтары, абапіраючыся на дадзеныя сваіх польскіх калегаў, кажуць пра тое, што галоўным фактарам пры выбары краіны пражывання з'яўляюцца кошты на жыллё: у буйных гарадах Польшчы і ў Варшаве яны на 30-50% ніжэй, чым у гарадах такога ж маштабу ў Беларусі.

Так, двухпакаёвая кватэра ў цэнтры Варшавы сёння ацэньваецца ў 30-35 тысяч долараў, у Мінску — ніяк не менш за 50-60 тысяч долараў. Аналагічна выглядае і разрыў коштаў для абласных цэнтраў Беларусі і буйных гарадоў Польшчы.

"Калі параўноўваць беларускую сітуацыю з украінскай — а грамадзяне Украіны цяпер вельмі зацікаўленыя польскім рынкам жылля — то яны шмат у чым падобныя. У Беларусі спад рынку нерухомасці. Магчыма, цікавасць была б вышэйшай, калі б беларусаў не тармазілі "завіслыя" здзелкі па продажы свайго жылля", — адзначылі прадстаўнікі агенцтваў нерухомасці Беларусі.

Асабліва гэта характэрна для абласных цэнтраў — Гродна і Брэста, дзе шмат уладальнікаў "карты паляка", якія б хацелі праз куплю-продаж жылля змяніць свае кватэры на польскія.

"Але польская нерухомасць будзе прывабнай да таго часу, пакуль Польшча не пяройдзе на еўра. Як толькі гэта адбудзецца, цэны на жыллё вырастуць у два, а то і ў тры разы. Таму многія імкнуцца паспець", — заўважылі рыэлтары.

Як замежніку купіць нерухомасць у Польшчы?

Як растлумачылі Sputnik беларускія юрысты, купля нерухомасці ў Польшчы мае цэлы шэраг асаблівасцяў. У прыватнасці, замежныя грамадзяне абавязаны атрымліваць дазволу МУС на куплю кватэр і зямельных участкаў. Гатовыя жылыя дамы, размешчаныя на зямельных участках, можна купіць без дазволу, але такое домаўладанне праз  дарагоўлю не надта карыстаецца попытам.

Ёсць шэраг выключэнняў, калі іншаземцу дазвол МУС атрымліваць не трэба, аднак яны датычацца тых, хто пражывае ў Польшчы не менш за 5 гадоў з моманту атрымання віду на жыхарства, тых, хто мае права на спадчыну нерухомасці, і яшчэ цэлага шэрагу выпадкаў.

Дазвол на набыццё права ўласнасці на нерухомую маёмасць і правы на вечнае карыстанне нерухомай маёмасцю выдае па даверанасці міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі дырэктар дэпартамента дазволаў і канцэсій МУС Польшчы са згоды міністра нацыянальнай абароны. У выпадку набыцця нерухомай маёмасці сельскагаспадарчага прызначэння — таксама са згоды міністра сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі.

Пры гэтым грамадзянін, які прэтэндуе на атрыманне дазволу, павінен паказаць, якія повязі звязваюць яго з Польшчай. Гэта могуць быць польская нацыянальнасць або польскае паходжанне; шлюб з грамадзянінам Польшчы; пражыванне ў Польшчы на падставе віду на жыхарства, сяброўства ў органах кіравання (старшыня, член праўлення) прадпрыемстваў з замежным капіталам.

Як правіла, працэдура разгляду заявы на атрыманне дазволу займае каля трох месяцаў, памер дзяржпошлін адносна невялікі.

"Паколькі купля нерухомасці замежнікам ў Польшчы — даволі складанае юрыдычная мерапрыемства, часцяком замежныя грамадзяне аддаюць перавагу аплаціць яшчэ і паслугі юрыста, які цалкам суправаджае здзелку", — адзначылі прадстаўнікі юрыдычнай супольнасці.

У сярэднім суправаджэнне здзелкі складае да двух тысяч даляраў. Прыкладна столькі ж давядзецца заплаціць за рыэлтарскія паслугі, аднак тут кошты практычна ідэнтычныя беларускім.

Калі замежны грамадзянін будзе звяртацца па іпатэчныя крэдыты — а сёння польскія банкі гатовыя крэдытаваць грамадзян іншых дзяржаў пад заклад набытай нерухомасці — спатрэбіцца звярнуцца да паслуг крэдытнага брокета. Гэта яшчэ дадатковых 6 тысяч долараў выдаткаў.

Візавыя перавагі? Ніякіх!

Характэрна, што і рыэлтары, і юрысты падкрэсліваюць: набыццё нерухомасці ў Польшчы не дае пакупніку ніякіх візавых пераваг.

"Польшча не належыць да ліку краін, заканадаўства якіх істотна спрашчае працэдуру атрымання віду на жыхарства або ўступлення ў грамадзянства ў выпадку наяўнасці ў грамадзяніна нерухомасці або інвеставання ў эканоміку краіны", — адзначылі юрысты.

Паводле іх слоў, наяўнасць нерухомасці таксама не спрыяе спрашчэнню візавых працэдур.

"Наяўнасць уласнасці ў Польшчы можа разглядацца ўсяго толькі як адзін з фактараў "за"дзеля выдачы доўгатэрміновай мульцівізы, але ніяк не бясспрэчнай падставай дзеля гэтага", — падкрэслілі яны.

Таму, на думку юрыдычнай супольнасці і рыэлтарскіх арганізацый, цікавасць беларусаў да польскай нерухомасці можна расцэньваць выключна як імкненне грамадзян атрымаць больш выгадныя ўмовы для рэалізацыі сваіх дзелавых ініцыятываў, а таксама паляпшэння якасці жыцця для сябе, сваіх родных і блізкіх.

Стужка навiн
0