МІНСК, 27 мая — Sputnik. Наваградскі раённы аддзел Следчага камітэта Беларусі распачаў крымінальную справу па факце апаганьвання будынка на могілках, паведаміў Sputnik афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршневіч.
Пра надпісы і цынічныя малюнкі на мануменце і сцяне капліцы, якая знаходзіцца на рамонце, супрацоўнікам праваахоўных органаў 24 мая паведамілі відавочцы. Следчыя ў ходзе агляду месца здарэння выявілі балончык з рэшткамі фарбы, які, як мяркуецца, выкарыстоўваўся падазраванымі.
"У выніку далейшых следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлены іх асобы. У здзяйсненні злачынства падазраюцца дзве 14-гадовыя жыхаркі райцэнтра, вучаніцы адной з сярэдніх школ Навагрудка", — распавёў афіцыйны прадстаўнік УСК.
Ён адзначыў, што падазроныя раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці і выхоўваюцца ў прыстойных сем'ях. Акрамя таго, стала вядома, што надпісы наносіліся ў прысутнасці аднагодкаў.
Следства прадаўжае высвятленне абставінаў здарэння, а таксама матывы, якімі кіраваліся падазраваныя, вядзецца допыт іх сяброў, сваякоў і знаёмых. У СК таксама нагадалі, што згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі за падобныя злачынствы адказнасць наступае з 14 гадоў.