Да ўступлення ў сілу паправак у заканадаўства Беларусі, накіраваных на абарону дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю, застаўся месяц. Sputnik у Дзень абароны дзяцей у фармаце "пытанне-адказ" разабраўся ва ўсіх навінах.
Закон пра комплекс мер па абароне дзяцей ад шкоднай і небяспечнай інфармацыі быў падпісаны прэзідэнтам 11 мая. У красавіку яго адобрылі спачатку Ніжняя, а затым і Верхняя палаты парламента. Большасць палажэнняў дакумента ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2017 года.
Якая інфармацыя будзе лічыцца небяспечнай?
У законе дадзены дакладныя крытэрыі, якая інфармацыя можа нанесці шкоду здароўю і развіццю дзяцей, аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае, маральнае і духоўнае развіццё. Да такой інфармацыі аднесена:
- інфармацыя, якая выклікае жаданне ўжываць алкаголь, а таксама піва і слабаалкагольныя напоі, наркотыкі, псiхатропныя рэчывы i тытунь;
- інфармацыя, якая падахвочвае да злачынных дзеянняў, у тым ліку да заняткаў прастытуцыяй, жабраваннем, бадзяжніцтвам, удзелу ў азартных гульнях, вырабе і распаўсюджваннi парнаграфіі;
- інфармацыя, у якой злачынцы ацэньваюцца станоўча ці ўвогуле ідэалізуюцца. Пры гэтым гаворка ідзе як аб злачынствах супраць людзей, так і пра гвалт у стаўленні да жывёл. Гэта ж тычыцца інфармацыі, у якой даецца станоўчая ацэнка жорсткасці, фізічнаму, псіхічнаму і сэксуальнаму гвалту, сэксуальных адносін з удзелам дзяцей;
- інфармацыя пра здзек і глумленні над чалавекам ці групай людзей па прынцыпе іх нацыянальнасці, мовы, полу, сацыяльнага становішча, захворванняў;
- інфармацыя, якая заахвочвае да нанясення цялесных пашкоджанняў або самагубства, якая апісвае сродкі або акалічнасці самагубства, якая змяшчае методыкі альбо іншыя матэрыялы пра спосабы вырабу небяспечных для жыцця і здароўя людзей прадметаў і іх выкарыстання;
- якая заахвочвае звычкі, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця; якая змяшчае нецэнзурныя словы і выразы; дыскрэдытуе інстытут сям'і і шлюбна-сямейных стасункаў;
- інфармацыя застрашальнага характару, у тым ліку такая, якая змяшчае выявы або апісанні ў зневажальнай форме смерці, няшчаснага выпадку, аварыі ці катастрофы.
Як будуць засцерагаць?
Вытворцы і распаўсюджвальнікі друкаванай і відэапрадукцыі будуць абавязаны самастойна прысвойваць фільмам, кнігам і г.д. узроставую катэгорыю, а потым маркіраваць іх адмысловымі знакамі. Усяго прадугледжана пяць катэгорый: "0+", "6+", а таксама "12+", "16+" і "18+".
Крымінальныя навіны стануць менш "крывавымі"?
Прадстаўнікі праваахоўных органаў падкрэсліваюць, што з уступленнем норм закона ў сілу афіцыйныя каментары аб злачынствах стануць больш стрыманымі. У іх больш не будзе "крывавых падрабязнасцяў", фатаздымкаў і відэа з выявай сур'ёзных траўмаў і трупаў. У сувязі з гэтым у сілавых ведамствах адзначаюць, што "думаць трэба пра тое, хто гэта можа прачытаць, і як гэта можа паўплываць на псіхіку чалавека ў цэлым".
Што будзе з інтэрнэтам для дзяцей?
Уладальнікі кампутарных клубаў, інтэрнэт-кафэ і іншых месцаў калектыўнага доступу будуць абавязаны ўжываць адміністрацыйныя меры і спецыяльныя праграмы, якія будуць фільтраваць шкодную для дзяцей інфармацыю.
Правайдэры пры заключэнні дамоваў з карыстальнікамі будуць абавязаны паведамляць ім, што аказваюць паслугі па абмежаванні доступу дзяцей да небяспечнага кантэнту.
У сваю чаргу, бацькам прапанавана прыняць меры па абароне сваіх дзяцей і заключыць дамовы на аказанне правайдэрамі такіх паслуг. Гэтая норма не з'яўляецца абавязковай, яна носіць рэкамендацыйны характар. Выбар пакуль застанецца за дарослымі.
Акрамя таго, пры ўрадзе Беларусі будзе створаны грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Яго рашэнні будуць насіць рэкамендацыйны характар.
Дзе маркіроўка не абавязковая?
Закон забараняе распаўсюджваць інфармпрадукцыю без знака узроставай катэгорыі, за выключэннем:
- тэле- і радыёперадач, якія трансліруюцца ў прамым эфіры;
- тэле- і радыёперадач інфармацыйна-аналітычнага, інфармацыйнага, культурна-асветнага, спартовага і духоўна-асветніцкага характару;
- замежных тэле- і радыёпраграм, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі без змянення формы або зместу;
- друкаваных СМІ, якія займаюцца навінамі, духоўна-асветніцкай дзейнасцю, даведачнымі паслугамі, статыстыкай;
- інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.
Каму яшчэ забароняць працаваць з дзецьмі?
Закон таксама ўводзіць новыя абмежаванні на працу з дзецьмі для асоб, якія былі асуджаныя па шэрагу артыкулаў УК Беларусі. У прыватнасці, гэта тыя, хто прыцягваўся за злачынствы, звязаныя з выкраданнем чалавека, незаконным працаўладкаваннем за мяжой, вырабам і распаўсюджваннем парнаграфічнай прадукцыі з выявай непаўналетніх.
Раней абмежаванні распаўсюджваліся толькі на асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць палавой свабоды і недатыкальнасці, якiя ўцягваюць непаўналетніх у здзяйсненне злачынстваў або у антыграмадскія паводзіны, а таксама на грамадзян, асуджаных за выраб і распаўсюд парнаграфіі.