Дом для лялек, які збудаваў Вецер

© Photo : прадстаўлена тэатрам "Лялька""Лялька" і яе насельнікі
Лялька і яе насельнікі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь беларускі тэатр “Лялька” даўно ўганараваны званнем сімвала культурнай прасторы Віцебска, а артысты-лялечнікі на чале з мастацкім кіраўніком Віктарам Клімчуком – стваральнікамі гэтай прасторы.

МІНСК, 3 чэр — Sputnik. 2016 год для тэатра адметны: "Лялька" адзначыла сваё 30-годдзе, а заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук рыхтуецца да 70-гадовага юбілею: разам з тэатрам ім 100! "Лялькай" пастаўлена каля 70-ці спектакляў. У актыўным рэпертуары — 36, з іх 8 — для дарослага гледача, астатнія для дзяцей рознага ўзросту.

"Вы з "Лялькі" — праезд бясплатны".

"Лялька можа ўсё! Гэта больш чым тэатр", — упэўнена кажа Віктар Клімчук, праводзячы па тэатры і пагружаючы ў гісторыю ўзнікнення не толькі свайго тэатра, а наогул лялечнага.

Беларускі тэатр Лялька (Віцебск) - Sputnik Беларусь
"Серебряная свадьба" павіншуе "Ляльку" з юбілеем

Ён — стваральнік свёй тэатральнай школы, трымаецца правіла: у тэатры павінна быць больш жорсткая дысцыпліна, чым у войску — гэты запавет Віктар Ігнатавіч пераняў ад сваіх настаўнікаў.

Сярод галоўных крытэрыяў тэатра ў першую чаргу мастацкі кіраўнік вылучае высокую эстэтыку, прафесіяналізм і адказнасць за сваю працу. Так штодзень рыхтуецца нараджэнне цуда — спектакляў "Лялькі".

"Ляльку" ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Пастаноўкі тэатра з поспехам ідуць у Польшчы, Германіі, Францыі, Сербіі, Фінляндыі і іншых краінах свету.

© Photo : прадстаўлена тэатрам "Лялька"Загадчык літаратурнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак, мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і дырэктар тэатра "Лялька" Аляксандр Грыгор'еў
Загадчык літаратурнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак, мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і дырэктар тэатра Лялька Аляксандр Грыгор'еў - Sputnik Беларусь
Загадчык літаратурнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак, мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і дырэктар тэатра "Лялька" Аляксандр Грыгор'еў

А ўжо ў родным горадзе як тэатр шануюць! У акцёраў у грамадскім транспарце кандуктары нават грошы не бяруць: "Вы з "Лялькі" — праезд бясплатны".

Тэатр — уладальнік ганаровых узнагарод, сярод якіх пяць Гран-пры Міжнародных фестываляў, а сам Віктар Клімчук, заслужаны дзеяч культуры РБ, ганараваны адной з самых прэстыжных узнагарод міжнарднага форума тэатраў у Сербіі — статуэткай "Маленькі прынц", якая даецца самаму яркаму тэатральнаму дзеячу.

Адна з узнагарод, якой тэатр надзвычай ганарыцца, была здабыта восеню 2015-га, калі Міхась Клімчук атрымаў дыплом за лепшую акцёрскую работу — ролю Коўрына ў спектаклі "Спакуса" (Паводле А. Чэхава "Чорны манах") на фестывалі "Белгарадская забава" — лялечнікі віртуозна "абжылі" надзвычай складаны філасофскі твор, зрабілі яго незабыўным, адметным. З гэтым спектаклем, дарэчы, "Лялька" выступала на ІХ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску.

"Лялечны" дом

Беларускі тэатр "Лялька" знаходзіцца ў самым цэнтры Віцебска.

Побач — Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, пры якім першапачаткова была заснавана лялечная трупа, якая пасля і вырасла ў самастойны тэатр "Лялька". Лялечны тэатр пераехаў ва ўласны дом, у будынак, які з'яўляецца помнікам гісторыі і культуры горада канца XIX стагоддзя, але шмат давялося працаваць, каб адбудаваць яго.

Як "Лялька" злавіла Вецер

"Я нарадзіўся ў бацькоўскай хаце на хутары ў Брэсцкай вобласці. У нас была заможная сялянская гаспадарка. А вакол — бярозавы гай. У бацькоў было 12 дзяцей, а я — самы малодшы. Калі пачалося "вялікае перасяленне" з хутароў, мы паехалі на Кубань. Там я зразумеў, што з маім беларускім маўленнем у тэатральнае вучылішча не паступіць. Але ж марыў стаць акцёрам. Давялося пайсці ў прафтэхвучэльню, папрацаваць ліцейшчыкам на Таганрогскім камбайнавым заводзе. І толькі потым паступіць у студыю пры драматычным тэатры", — распавядае Віктар Клімчук пра жыццё на шляху да прафесіі і пачатак жыцця ў тэатры.

Пасля Віктар Клімчук закончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Сяргея Абразцова і Самарскі інстытут мастацтва і культуры.

Не адно месца жыхарства і працы было зменена, пакуль апантаны прагай творчасці і дзеяння Вецер, з якім так і карціць параўнаць мэтанактраванага, напорыстага, імклівага і моцнага Віктара Клімчука, даляцеў да Віцебска — і тут яму прапанавалі заснаваць пры тэатры Якуба Коласа лялечную трупу.

"Калі б я гэты тэатр не стварыў, магчыма, даўно б адсюль сышоў. У мяне ёсць выбар, стаўлю спектаклі ў Сербіі, Расіі, Польшчы, Балгарыі, Украіне. Ды толькі… як бацька можа кінуць сваіх дзяцей? Таму і не кідаю. Калі да нас прыехаў сусветна вядомы лялечнік Джым Гэмбал, ён казаў: "Як я табе зайздрошчу. Я зарабляю грошы, а ты займаешся творчасцю. У вас лепшы тэатр у свеце". Гэта ён так лічыць! Выбітны творца, які нават уласныя майстэрні мае, дзе лялькі вырабляюць", — сказаў Клімчук у адным са сваіх інтэрв'ю.

Так "Лялька" ўтаймавала Вецер, а ён для яе збудаваў Дом, у якім сёлета справілі трыццацігоддзе.

За тэатр без "чарнухі"

Усе спектаклі "Лялькі" пастаўлены на беларускай мове. "А як інакш, мова — тое, што дадзена нам Богам і бацькамі, наш абавязак захаваць і перадаць яе тым, хто ідзе за намі", — кажа Віктар Ігнатавіч.

Ён таксама перакананы, што за лялечным тэатрам — будучыня.

"Згадайма гісторыю ўзнікнення тэатра: у глыбокай старажытнасці, калі людзям нельга было іграць у прадстаўленнях, іх замянялі лялькі. І зараз з дапамогай лялек можна не толькі з дзецьмі размаўляць, але ж і ставіць спектаклі для дарослых: лялькі даюць большую прастору для выяўлення характару, раскрыцця вобраза герояў", —лічыць Клімчук, а шэраг прафесійных узнагарод за пастаноўку спектакляў як дзіцячых, так і дарослых, падмацоўваюць гэтае перакананне.

Лялька ўмее заваяваць сэрцы гледачоў, маленькіх і дарослых. Сакрэты адвечныя і ці не таму — непарушныя: "Мне падабаецца, калі ў п'есе ёсць думка, ёсць мараль, калі казкі прыносяць свае добрыя плады", — кажа Клімчук.

Крытэр адбору твораў для рэпертуара просты і дзейсны: пусціў бы ці не на пастаўлены спектакль уласнае дзіця. "Калі на сцэне паказваюць штосьці бруднае, непатрэбнае, тое, што можна ўбачыць на вуліцы, — я гэтага не хачу. Я гэта адмаўляю. Тэатр мусіць быць святам! Не заўжды на ім выпадае весяліцца, дорыць ён і слёзы ачышчэння — вось да чаго мы імкнемся ў сваіх пастаноўках. Згадаць, да прыкладу, наш спектакль "Ладдзя роспачы" паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча — гэта спектакль-ачышчэнне. Я за такі тэатр".  

Тэатр "Лялька" — тэрыторыя, на якой нястомна даследуецца Дабро. Цемра застаецца па-за межамі тэатра, тут не ставяць "чарнушных" спектакляў. Для сцэнаграфічнага аздаблення абіраюцца пераважна светлыя, яскравыя фарбы. Мастак Алесь Сідараў, з якім створана мноства спектакляў "Лялькі", добра разумеў мастацкага кіраўніка і стварыў "прасветлы" твар тэатральнай "лялечнай" дзеі. Мастакі-сцэнографы, якія прыйшлі ўслед і ставяць спектаклі пасля яго, працягваюць гэтую жыццясцвярджальную традыцыю — а інакш ім і дарогі ў "Ляльку" няма.

Там, дзе заўжды – шчасце

"Лялька" – гэта дом, у якім, апроч спектакляў, ладзяцца балі, літаратурныя вечары, мастацкія выставы – дзеці і дарослыя, абы была ахвота, заўсёды могуць прыйсці сюды і атрымаць у падарунак добры настрой, сустрэчы і знаёмствы з цікавымі людзьмі: патрапіць на тэрыторыю Дабрыні і Дзяцінства, якія ў тэатры культывуюць і аберагаюць.

© Photo : прадстаўлена тэатрам "Лялька"Коцік Банцік вядзе рэпартажы з закулісся
Коцік Банцік вядзе рэпартажы з закулісся - Sputnik Беларусь
Коцік Банцік вядзе рэпартажы з закулісся

Ад нядаўняй пары пра тое, чым жыве тэатр "Лялька", можна даведацца ад коціка Банціка, які пасяліўся ў тэатры і вядзе рэпартажы пра яго жыццё.

А тэатр штодзень запрашае на свае спектаклі дзяцей, штовечар – дарослых і рыхтуецца да новых прэм'ер. "У планах – інтэрактыўны спектакль "Гусяня" для самых маленькіх, бо гадаваць свайго гледача, а таксама размаўляць з ім належыць адмалку", – падзяліўся планамі Віктар Клімчук.

Стужка навiн
0