Вера Дашкевіч, Sputnik.
У святле апошніх падзей прывітальны слайд на "Дні магістра" ЕГУ — "Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт: поўны наперад" — гучаў двухсэнсоўна.
З аднаго боку, ва ўніверсітэце не сціхаюць унутраныя канфлікты. І да таго ж намеціліся фінансавыя складанасці. Адзін з найбуйнейшых донараў — Савет міністраў Паўночных краін у маі прыняў рашэнне спыніць фінансаванне ЕГУ.
З іншага боку, патэнцыйныя магістры на сустрэчу прыйшлі. Зарэгістраваліся каля ста чалавек, да пачатку прыйшло каля паловы, але столькі ж і гэтак жа было і на папярэдняй сустрэчы зімой, падкрэслілі арганізатары.
Невядомасць
Слова "невядомасць" было ключавым у вітальнай прамове прафесара Рыгора Мінянкова. Але ён гаворыў не пра зямное — ці хопіць сіл і сродкаў супольнасці ЕГУ выстаяць ва ўмовах фінансавых і відавочных іміджавых страт, а пра глабальнае — тое, як змяніўся сэнс вышэйшай адукацыі. А таксама пра тое, што беларускія ВНУ, ў адрозненне ад ЕГУ, не надта спяшаюцца крочыць у нагу з часам.
"Да нядаўняга часу адукацыя — гэта было атрыманне спецыяльнасці. Сёння мы ад гэтага сыходзім, паколькі знаходзімся ва ўмовах сацыяльнай нявызначанасці. Рынак працы не вызначаны і не вызначаныя прафесіі, якія будуць запатрабаваныя ў будучыні. Таму мы, як выкладчыкі, апынаемся ў парадаксальнай сітуацыі — мы павінны навучыць таму і для таго свету, што самі не ведаем", — заўважыў Мінянкоў.
Сучасная вышэйшая адукацыя павінна даваць не спецыяльнасць, а пэўныя кампетэнцыі, якія дазволяць хутка рэагаваць і перабудоўвацца. У гэтым сэнсе ЕГУ імкнецца ісці ў нагу з часам, даў зразумець Мінянкоў і прапанаваў задаваць пытанні.
Пытанне, ці доўга праіснуе ЕГУ ў святле чакаемых фінансавых праблем, ад патэнцыйных магістрантаў так і не прагучала.
Бясплатныя месцы і зніжаны кошт навучання
За паўтара гады ўніверсітэт скараціў аперацыйныя выдаткі на чвэрць і адначасова знайшоў магчымасць знізіць, а то і зусім адмяніць плату для шэрагу студэнтаў, заявіў у адказ на пытанне аб фінансавым самаадчуванні ЕГУ кіраўнік па камунікацыі і маркетынгу універсітэта Максімас Мілта.
"Сам факт, што ўніверсітэт абвясціў пра тое, што мы ўпершыню за вельмі доўгі час прапануем бясплатныя месцы на ўсе праграмы навучання ў ЕГУ, па-мойму кажа сам за сябе. Акрамя таго, універсітэт знізіў максімальны кошт навучання для студэнтаў бакалаўрыяту з 2,5 тысяч да 2 тысяч. Гаворка пра грамадзян Беларусі, якія складаюць 95% студэнтаў нашага універсітэта", — падкрэсліў Мілта.
Ён не пагадзіўся са сцвярджэннем, што ЕГУ ў апошнія гады страціў у іміджы. У адрозненне ад закрытых беларускіх ВНУ, у ЕГУ ёсць "прастора адкрытага дыялогу, для універсітэтаў і універсітэцкай супольнасці гэта натуральна — мець мноства пазіцый", — патлумачыў сваю пазіцыю Мілта.
І праблем з наборам студэнтаў і магістрантаў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ не прагназуе. Наадварот, кажа, цікавасць да бакалаўрыята толькі расце.
"Калі ў мінулым годзе напярэдадні ўступнай кампаніі было каля 850 кантактаў абітурыентаў, то сёлета ўжо каля тысячы. Гэта тыя, хто звяртаецца ва ўніверсітэт па кансультацыю, тыя, хто бярэ ўдзел у Днях адчыненых дзвярэй, хто запісваецца на он-лайн курсы, хто нам піша ў скайпе", — патлумачыў Мілта.
Дзяўчаты-удзельніцы Дня магістра, якія выйшлі перадыхнуць ад размоў пра перспектывы вучобы ў ЕГУ, запэўнілі Sputnik, што навіны з ЕГУ, не заўсёды аптымістычныя ў апошні час, іх не палохаюць. Хочацца вучыцца, а ў магістратуру сваіх ВНУ яны ўжо не асабліва вераць.
"Ну што гэта будзе, у лепшым выпадку паўтарэнне пройдзенага, а там, кажуць, моцная школа", — прызналася выпускніца інстытута культуры Марыя. Гэтую ж думку ў той ці іншай форме Sputnik агучылі яшчэ некалькі чалавек.
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. Прапрацаваўшы 12 гадоў, быў зачынены беларускімі ўладамі. У 2005 годзе аднавіў працу ў Вільні. Яго часта пазіцыянуюць як беларускі ўніверсітэт у выгнанні, але фармальна ЕГУ з'яўляецца літоўскім ВНУ. За 24 гады выпусціў каля 2,7 тысяч студэнтаў. Пераважная большасць з іх — беларусы.