Святлана Ліцкевіч, Sputnik
Калі вы вырашылі завесці сабаку — будзьце гатовыя да маленькай грамадзянскай вайны. Зараз вы не толькі шчаслівы ўладальнік чацвераногага сябра, але і добраахвотны салдат у вайне за чысціню гарадскога асяродка. З гэтага часу ўсякі мінак, нават злёгку бруднаваты і няголены, мае права шыпець вам у спіну: "паназаводзілі шавак, загадзілі ўвесь горад".
І нікога не цікавіць, ці прыбіраеце вы за сваiм. У стаўленні да сабак ў мінскіх дварах дзейнічае прэзумпцыя вінаватасці. Аднойчы на маіх вачах вельмі адказная цётачка з дзіцячага садка адчытвала гаспадыню сабачкі праз тое, што сабачка бегаў проста ля брамкі гэтай установы. Сабака і зрабіць нічога не паспеў, а "адказная асоба" ужо лаяла гаспадыню, што, маўляў, тут дзеці гуляюць, а вашы сабакі гадзяць. Нясмелыя спробы сабакаўладальніцы апраўдацца, вывернутыя з кішэняў пакуначкі, прызначаныя для збору адходаў сабачай жыццядзейнасці, на цётку ўздзеяння не мелі.
Калі мы планавалі завесці сабаку, адразу вызначылі, што прыбіраць за ёй будзем адназначна: занадта ўжо непрывабна выглядаюць нашы двары вясной, калі пачынае раставаць снег і ад прадуктаў сабачай жыццядзейнасці часам месца жывога няма.
Насуперак трывалай думцы наконт таго, што "сабакары загадзілі ўвесь горад", гуляючы з сабакам, я пераканалася: адказных сабакароў досыць шмат. Нямала людзей у Мінску прыбіраюць за сваімі гадаванцамі. І з непрыхаваным неадабрэннем глядзяць на тых, хто гэтага не робіць.
Вядома, ёсць і такія, хто проста перакананыя, што прыбіраць "арганіку" бессэнсоўна. За іх бязмерную любоў да натуралізму і спробы жыць "як у вёсцы" агулам дастаецца і тым, хто добрасумленна сочыць за сваім гадаванцам.
Не так і шмат месцаў у горадзе, дзе дазволена выгульваць сабаку, дзе можна проста адпусціць яе з ланцужка. У парках і скверах заканадаўча забаронена, а ў нас у двары, напрыклад — гімназія, плот якой агароджвае практычна ўсю вольную тэрыторыю мікрараёна. І па перыметры красуюцца шыльды: "з сабакамі праход забаронены". Тут нехаця ўстанеш у позу: недзе ж трэба нам шпацыраваць, у рэшце рэшт.
Нядаўна гарадскія актывісты абвясцілі збор подпісаў за дазвол на выгул сабак у грамадскіх месцах пры ўмове, што там будуць устаноўлены спецыяльныя сметніцы і пакеты для ўборкі за сабакамі. Гарадскія ўлады ініцыятыву нібыта падтрымалі. А на краудфандынгавай платформе "Вулей" пачаты збор сродкаў на ўстаноўку гэтых самых смеццязборнікаў з пакетамі і плакатаў па горадзе.
Праект OkiDog стартаваў у Новай Баравой — як запэўніваюць арганізатары, цягам 60 дзён жыхары раёна паспрабуюць навучыцца культуры выгулу чатырохногіх гадаванцаў. Потым яны хацелі б распаўсюдзіць ініцыятыву на ўвесь горад.
Выдатная ідэя, на мой погляд, тым больш што толькі афіцыйна ў нас зарэгістравана як мінімум 63 тыс. сабак, якім неабходна дзесьці гуляць, а іх гаспадарам — неяк утылізаваць іх прадукты жыццядзейнасці. І прыязныя плакаты, якія заклікаюць прыбраць за сваім улюбёнцам, могуць натхніць нават самых заўзятых натуралістаў. Вось толькі як сабакарам дамагчыся уласнай прэзумпцыі невінаватасці?
Гуляючы з сабакам па сонных мінскіх дварах, можна ўбачыць шмат цікавага. Да таго, як прачнуліся дворнікі, усё сумна: недаедкі, бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, папера, а то і зусім поўныя смеццевыя пакеты, выкінутыя проста пад вокны. Даводзіцца пільнаваць, каб гадаванец не ўхапіў што з прадуктаў жыццядзейнасці двухногіх. Але, па-першае, за людзьмі вельмі хутка прыбяруць дворнікі, а па-другое — выявіць вінаватых у гэтых беспарадках значна складаней, чым сарамаціць уплішчаную ў плот цётачку са сваім сабачкам.