Вера Дашкевіч, Sputnik. На нашу "пясочніцу" другі раз выклікалі нарад. Гаворка пра дзяцей дзятсадаўскага і дадзятсадаўскага ўзросту, якія час ад часу ратуюцца ад ветру ў чужым двары. Так, гурт не маленькі, яго склад часам вылічаецца дзесяткамі, з улікам немаўлят у вазках; так, неспакойны — і лазяць, і шумяць. І так, я магу зразумець узроставых жыхароў пяціпавярхоўкі, якая стаіць практычна ў лесе. Яны прызвычаіліся жыць у цішыні, а тут такое.
Заўвагі і дробныя канфлікты здараліся і раней, таму што летам у нашым мікрараёне больш няма дзе схавацца — ні ад пякучага сонца, ні ад ветру. Узімку ёсць лес, але летам дзяцей і дарослых адтуль выжываюць кляшчы. Застаецца гэты шматпакутны панадворак.
Гэтым летам канфлікт перайшоў у вострую фазу. Двойчы на мам з маленькімі дзецьмі выклікалі нарад міліцыі. Сутнасць скаргі: шумяць і выкарыстоўваюць нашы сметніцы. То бок, не смецяць, а менавіта кідаюць смецце ў сметніцы ля пад'ездаў, праз што яны хутка напаўняюцца.
Фармуляваць скаргі выйшаў і высунуўся з вокнаў амаль увесь дом. Да асноўных скаргаў дадаліся прыватныя гісторыі — да прыкладу, пра тое, што атрад прышлых трох-чатырохгадовых стварае такую шумавую хвалю, што мясцовыя дзеці баяцца выходзіць на падворак, нават школьнікі.
![Минский двор, жильцы которого часто вызывают милицию Минский двор, жильцы которого часто вызывают милицию - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102329/83/1023298364_0:0:1200:900_600x0_80_0_0_727ca6f92f50be0eccf1e9540a11ae7b.jpg)
Аргументы другога боку — пра тое, што "гэты двор летам — адзіны паратунак для маленькіх", нарэшце, што "вашыя ж вялікія дзеці гуляюць у нашых дварах, і мы іх не ганяем", — не дзейнічалі.
Нарад міліцыі выслухаў бакі канфлікту і паклікаў на дапамогу ўчастковага. Той толькі пакорліва перапісаў дадзеныя і папрасіў "жыць дружна". Больш нічога ў гэтай сітуацыі ён зрабіць не змог: неабгароджаная дваровая тэрыторыя — гэта грамадскае месца, дзе дзейнічаюць агульнапрынятыя правілы. А значыць, шумець у межах разумнага і ў дазволены час можна каму заўгодна.
На жыхароў гэтая просьба вялікага ўражанне не зрабіла. Яны кажуць, што стаміліся ад такога актыўнга жыцця на іх дзіцячай пляцоўцы — ад мам з дзецьмі днём і алкаголікаў на арэлях увечары.
Сваіх планаў у дачыненні да "вячорак" у іх двары жыхары не агучылі, але мамам прыгразілі, што кожны іх візіт у цяністы двор з гэтага часу будзе завяршацца выклікам міліцыі і складаннем акту. Магчыма, разважылі жыхары, улада здасца і агародзіць ім двор. Участковы адрэагаваў на гэтыя напалеонаўскія планы стомленай усмешкай.
Якое ў гэтай сітуацыі магчыма выйсце? Спадзявацца на сумленне жыхароў або мам? Але ў кожнага ў гэтай сітуацыі свая праўда. У чарговы раз папракнуць гарадскія ўлады, якія праводзяць зусім безадказную і амаральную, на мой погляд, горадабудаўнічую палітыку — "пабольш каробак, паменш дрэў і пляцовак" — але гэта, на жаль не працуе…
Адна надзея — на ўчастковага…