Зноў ля Холмскай брамы: пад Брэстам рэканструявалі пачатак вайны

© Sputnik / Роман ШантарРэканструкцыя ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня
Рэканструкцыя ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Некалькі гадзін таму ля Паўночнай брамы Брэсцкай крэпасці адгучалі апошнія кулямётныя чэргі – сёння тут рэканструявалі першыя дні бітваў пад Брэстам. Карэспандэнт Sputnik пабывала на імправізаванай перадавой.

Алена Васільева, Sputnik.

Гледачы пачынаюць збірацца ля Брэсцкай крэпасці з трох гадзін ночы, каб ушанаваць памяць тых, хто змагаўся за горад у першыя дні вайны. Брэстчане пакідаюць машыны за некалькі кіламетраў ад Крэпасці — пад'язныя шляхі перакрытыя, стаяначных месцаў не хапае на ўсіх, хто вырашыў прыйсці сюды ўначы. Некаторыя нерашуча топчуцца ля шлагбаўма, але паддаюцца агульнаму парыву і адпраўляюцца ў Крэпасць пешкі.

Правілы рассаджвання і сцяг над крэпасцю

А трэцяй гадзіне ночы ветэраны ўжо сядзяць на ганаровых месцах перад сцэнай, многія — з кветкамі, іх яны ўскладуць да Вечнага агню. Журналісты мітусяцца паміж ветэранамі ў спробе знайсці гаваркіх, гледачы топчуцца ў баку, спрабуючы выбраць лепшае месца агляду, сярод ветэранаў і гледачоў пануе поўная гармонія, сярод арганізатараў — хваляванне і трывога: каб каго не туды не пасадзіць.

Парад, канцэрт і прагулкі ў форме: як мінуў апошні мірны дзень - Sputnik Беларусь
Відэа
Парад, канцэрт і прагулкі ў форме: як мінуў "апошні мірны дзень"

"Пасадзіце мне чатырох ветэранаў у першы шэраг, яны пойдуць на ўскладанне!" — нервуюцца арганізатары. "Але мы прывялі пяць ветэранаў на ўскладанне!" — нервуюцца ў адказ прадстаўнікі Саюза ветэранаў Брэста. "У першы шэраг чацвярых, пяць нельга, будзе месца — пятага пасадзім!" — арганізатары, нарэшце, дасягаюць калі не гармоніі, то кансэнсусу, рассаджваюць прадстаўнікоў улады, ганаровых гасцей і непасрэдных удзельнікаў вайны, і пачынаецца ўрачыстая частка.

© Sputnik / Роман ШантарРэканструкцыя ля Холмскай брамы
Реконструкция у Холмских ворот - Sputnik Беларусь
Рэканструкцыя ля Холмскай брамы

Над цытадэллю лунае чырвоны сцяг як сімвал не пераможаных абаронцаў крэпасці, гучаць песні перамогі, берасцейцы і шматлікія госці горада ўскладаюць кветкі да Вечнага агню.

"Калі пачалася вайна, мне было семнаццаць гадоў. У калгасе на працы я быў. Мы прывезлі дровы на станцыю 22 чэрвеня, прыехалі на станцыю, нам сказалі — вайна, выкідвайце дровы і дадому!" — згадвае дні пачатку вайны яе ўдзельнік Канстанцін Максімавіч, якога неўзабаве чакала партызаншчына і Курская бітва.

Ветэраны ахвотна размаўляюць і з журналістамі, і з берасцейцамі, адказваюць на пытанні "а вы дзе ваявалі?", паціскаюць рукі прадстаўнікам міліцыі, тыя ціснуць ветэранам рукі ў адказ, кажуць: "Мы вамі ганарымся". Усё, што адбывалася, мела неабходную ступень урачыстасці, але дзякуючы ветэранам і дзецям абаронцаў крэпасці, дзякуючы тысячам брэстаўчан і гасцей Беларусі атрымала яшчэ і неабходную ступень душэўнасці.

© Sputnik / Роман ШантарУ Брэсцкай крэпасці на мерапрыемствах, прысвечаных першаму дню вайны
Мероприятие, посвященное первому дню войны, в Брестской крепости - Sputnik Беларусь
У Брэсцкай крэпасці на мерапрыемствах, прысвечаных першаму дню вайны

Да пяці раніцы ад Вечнага агню вялікая частка натоўпу, сярод якой акрамя берасцейцаў — госці з самых розных гарадоў былога СССР, перамяшчаецца да Паўночнай брамы, дзе абяцаюць рэканструкцыю абароны крэпасці-героя.

Глядзі ў чужы айфон

"А гэта што — яшчэ адзін паранены?" — дзіцячы голас чутны толькі ў перапынках паміж кулямётнымі чэргамі.

Некалькі хвілін таму ля Паўночнай брамы крэпасці рэканструявалі апошні дзень мірнага жыцця. Гледачы тоўпіліся за невялікай агароджай, якая аддзяляла іх ад патэнцыйнага поля бою, але бою ўсё не было. Некалькі тысяч тых, хто сабраўся, ціхенька абураліся — маўляў, прыйшлі падзівіцца на бойку, а там суцэльнае мірнае жыццё і пра ваенны час нагадваюць толькі касцюмы.

"Я думала, пакажуць, як крэпасць абаранялася", — расчаравана гулі ў натоўпе.

"Нічога не відаць, трэба глядзець у айфон таго, хто наперадзе здымае", — раілі адзін аднаму гледачы. "А кляшчоў тут няма?" — Гледачоў пачыналі хваляваць бытавыя пытанні.

Над травой слаўся маляўнічы туман, прысутныя былі ўлагоджаныя і трохі стомленыя — было ўжо пяць раніцы, а ў крэпасці не пачулася яшчэ ніводнага выбуху. Замест гукаў вайны над крэпасцю неслася мелодыя: "Утомленное солнце…".

Кулямётная чарга, выбухі і стрэлы, хай на гэты раз — халастымі патронамі, пачуліся так нечакана, што ў адну хвіліну для гледачоў рэканструкцыі сухія гістарычныя факты пра аблогу крэпасці сталі адчувальнымі. Першыя шэрагі абсыпала зямлёй, над галовамі гледачоў амаль на брыючым палёце праляцеў нямецкі самалёт-разведчык, і тут жа пачуўся яшчэ адзін выбух неверагоднай сілы.

© Sputnik / Роман ШантарПачатак вайны згадваюць у Брэсцкай крэпасці
Начало войны вспоминают в Брестской крепости - Sputnik Беларусь
Пачатак вайны згадваюць у Брэсцкай крэпасці

У гэты час на поле бою інсцэніравалі растрэл палонных жанчын і дзяцей. Рэканструктары выкрыквалі па-нямецку "Назад!" і "Страляць!", а брэстаўчане ў натоўпе хваляваліся так, як быццам назіралі зусім і не інсцэніроўку.

"Падчас вайны мой бацька атрымаў Ордэн Славы і Медаль за адвагу. Калі можна было распытваць бацьку пра вайну, я была яшчэ маленькай і мне было не зразумець. Зараз страшна ўявіць, што бацьку ўдалося атрымаць Ордэн за адвагу ў дзевятнаццаць гадоў — паглядзіце на моладзь вакол, ён быў у іх узросце", — распавяла мінчанка Людміла, якая на рэканструкцыю ўзяцця Крэпасці прыехала ў першы раз. Людміла прыйшла ў крэпасць а чацвёртай раніцы і чакала, калі пачнуць разгортвацца актыўныя баявыя дзеянні, і рэканструктары апраўдалі чаканні.

"У мінулым годзе самалёт не лётаў", — ацанілі працу рэканструктараў заўсёднікі мерапрыемства Даша і Міша.

Яны прыходзяць у крэпасць штогод — кажуць, нехта ж і дзявятага мая дома па тэлевізары парад глядзіць, а ў Брэсце тэма вайны кранае ці не кожнага другога. Сваякі многіх прайшлі вайну.

"Дзядуля казаў пра вайну толькі, што гэта вельмі страшна, а я не катавала яго, ведала, што не трэба вярэдзіць душу ўспамінамі", — згадала Даша.

Брэстчане, якія сабраліся ў крэпасці, стараюцца развеяць чуткі пра тое, быццам для мясцовых гэтае месца звыклае і не выклікае эмоцый. Шмат хто кажа, што ходзяць сюды кожны месяц — ці ушанаваць памяць, ці проста прагуляцца.

Сярод тых, хто сабраўся, шмат гасцей Брэста, нехта прыехаў сюды асабліва падрыхтаваным. Сям'я Кірыла і Алены прыйшла да месца рэканструкцыі ў касцюмах часоў вайны, хоць у інсцэніроўцы падзей яны не ўдзельнічаюць. Прыехалі з Масквы, гэта іх першая рэканструкцыя, першапачаткоўцы нават не меркавалі, як старанна давядзецца падысці да вырабу касцюмаў.

"Нават гузікі і ніжняя бялізна павінна адпавядаць часу. Хлопцы падымаюць дакументы, вывучаюць ход падзей. Прывезлі з сабой сына Івана — ён з задавальненнем далучаецца і цікавіцца. Каб удзельнічаць у рэканструкцыі, трэба быць членам клуба, наведваць сходы. Паглядзім, можа, аднойчы і мы ўступім у клуб", — распавяла масквічка Алена, якая сёння ўпершыню паспрабавала сябе ў званні маёра 1941-га года.

Пошукамі касцюмаў займаўся муж Алены — Кірыл, вывучаў мадэлі ў Інтэрнэце, шукаў тканіну і замаўляў пашыў. А вось боты на ўсіх, акрамя маленькага Івана, аўтэнтычныя, іх удалося знайсці на складзе. З дзіцячымі ботамі складаней — іх амаль не здабыць. На просты касцюм даводзіцца патраціць мінімум сто даляраў, але ўсе трое сцвярджаюць, што яно таго каштуе.

Адзіны баталіст Беларусі

Пакуль на поле бою разгортваюцца баталіі, у паходным намёце з мальбертам размясціўся брэстчанін Уладзімір: ён пераносіць падзеі, якія разгортваюцца, на палатно. Калегі-рэканструктары рэкамендуюць Уладзіміра як адзінага ў Беларусі мастака батальных сцэн.

Рэканструктар з Санкт-Пецярбурга Раман Панаў - Sputnik Беларусь
"Шукаем касцюмы на барахолках”: як рэканструююць эпоху вайны

"Гэта самы сур'ёзны жанр мастацтва, ён адлюстроўвае падзеі, якія павучальныя для грамадства. Натхняюсь такімі вось падзеямі, якія закліканы адрадзіць у нас памяць", — распавядае Уладзімір Сайко.

Акрамя брэсцкіх клубаў, удзел у рэканструкцыі бралі дзясяткі клубаў, якія прыехалі з-за мяжы. Алена Варабей, камісар брэсцкага ваенна-гістарычнага клуба "Рубеж", распавяла, што гэтая рэканструкцыя выйшла ўжо на міжнародны ўзровень, дзейства ахапіла і еўрапейскіх рэканструктараў.

Між тым бой падышоў да канца, і карціна на мальберце амаль гатовая, а гледачоў прапусцілі на поле. Дзеці кінуліся падбіраць гільзы, дарослыя — вывучаць умацаванні крэпасці, хтосьці выправіўся на экскурсію. Надышло мірнае 22 чэрвеня 2016 года, з моманту пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўжо мінула 75 гадоў.

Стужка навiн
0