МІНСК, 29 чэр — Sputnik. Спад узроўняў вады назіраецца на рэках Беларусі, праз што пагоршацца ўмовы навігацыі і іх экалагічны стан, паведаміў Sputnik у сераду начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Часовае пахаладанне прыйшло ў Беларусь у панядзелак 27 чэрвеня, да гэтага ў краіне тыдзень стаяла вельмі гарачае надвор'е — у суботу 25 чэрвеня тэмпература ў Мінску дасягала 31,5 градусаў цяпла, што стала рэкордам за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Аднак Гідрамет прагназуе, што гарачае надвор'е вернецца ў рэспубліку ўжо 30 чэрвеня.
"На рэках назіраецца ў асноўным спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-6 сантыметра", — сказаў Рабаў.
Ён таксама ўдакладніў, што ніжэй праектных адзнак навігацыйных узроўняў вада ўпала на Заходняй Дзвіне ў Віцебску, Нёмане ў Гродна, Дняпры на ўчастку Магілёў — Рэчыца, Бярэзіне у Барысаве і Светлагорску, Сожы каля Гомеля, Прыпяці каля Мазыра і Піне каля Пінска — тут абцяжараная праца рачнога транспарту.
Апроч таго, у чэрвені на рэках краіны пераважаў спад узроўняў вады: воднасць Нёмана, Віліі, Заходняга Буга, Бярэзіны і Прыпяці была ніжэй звычайнай для гэтай пары года, а Заходняй Дзвіны, Дняпра і Сожа — блізкай да нормы. Менш за шматгадовыя мінімумы за чэрвень вады апынулася ў Нёмане, Бярэзіне і прытоку Прыпяці — рацэ Гарынь.