"Апасны малец" і "цярплівая дзеўка" – дзень на Івана

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКупальская трава
Купальская трава - Sputnik Беларусь
Падпісацца
А на Івана, на Яна іграла сонца – іграла! Працягваем святкаваць Купалле. Хто браў удзел у купальскім свяце, той не праспаў хвілінаў, калі сонца “іграе”.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Сама я бачыла гэту прыродную з'яву не раз. Сонца бы рухаецца, дрыжыць бляскам, распадаецца на некалькі частак, "зайчыкаў", якія разбягаюцца, гуляюць і зноў зліваюцца ў адзін промень.
Ці як яшчэ казалі, што ў гэту раніцу "сонца едзе на тройцы, золатам, срэбрам скача на калясніцы, сыпле з яе промні і іскры" — адным словам, яно радуецца, і радуюцца разам з ім людзі.
“Сонца едзе на тройцы...”
Раніца 24 чэрвеня (7 ліпеня) — пералом, пасля чаго ўжо наступае Іван, Ян. Але гэты дзень у язычніцкім і народным значэнні поўнасцю знік. Ён уваскрэс у хрысціянскім, таму што хрысціянства з самых першых часоў асвяціла яго святкаваннем Раства Івана Прадцечы.
Купалле — свята Сонца, таму ў купальскім абрадзе салярны культ адзін з першых.
Адно з тлумачэнняў слова "купала" звязана з лацінскім "cupio" —  "ярыцца", "злавацца", "ускіпаць". Вядомы філолаг Ф. Буслаеў лічыў, што назвы Купала і Ярыла — сінонімы аднаго і таго ж "плодотворящего божества лета".
Ярыла, да таго ж, вядомае боства Сонца ў старажытных славян. Але мала хто ведае, што ў нашых продкаў Сонца ўвасаблялася ў некалькіх багах, якія адлюстроўвалі розныя станы самога свяціла.
Так, ласкавае добрае сонца называлася Хорс; даючае святло — Дажбог; шалёнае, гарачае, пякучае — Ярыла.
З Сонцам быў звязаны будучы ўраджай, багацце траў і раслін, прыплод скаціны, шчаслівае жыццё людзей. Агонь (вогнішча) увасабляў сабою Сонца і мужчынскі пачатак. Ён выконваў цэлы шэраг функцый, якія заключалі ў сабе ўрадлівае, ахоўнае, ачышчальнае, гаючае значэнне.

Рытуальнае вогнішча

Існавалі адпаведныя правілы распальвання рытуальнага вогнішча. Яно павінна быць вялікім.
Купальскі агонь
Усярэдзіну вогнішча ўбіваюць высокую жэрдку, на канцы якой замацавана кола, абмазанае дзёгцем. Кола падпальваюць. Менавіта яно атаясамліваецца з Сонцам. Яму спяваюць адпаведныя песні:
Купальская ночка каротка — сонейка, сонейка!
Сонейка рана ўсхадзіла, поле асвяціла, дзевак, хлопцаў будзіла,
Работку давала, у поле пасылала,
Каб хлопчыкі агні палілі,
Поле свяцілі, жыта пільнавалі…
Затым хлопцы і дзяўчаты папарна і паасобку скачуць праз агонь, каб ачысціць сябе і засцерагчы ад немачы, чараў і замоў.

Жычка, абаронца ад ведзьмаў

Сімвалізуе агонь і крапіва, якую ў народзе называюць "жычкай".
Ад звычайнай яна адрозніваецца тым, што ў яе маленькія лісцікі. Сама яна вельмі мініяцюрная, не кідаецца ў вочы, але вельмі пякучая. Гэта пра яе казалі, што каб абараніцца ад ведзьмы трэба "жыжкае крапівы нарваць" і пазатыкаць паўсюдна ў дзверы хат і хлявоў.
Адна з назваў агню — "жыжа", так пра яго звычайна кажуць дзецям. Вось малыя хлопчыкі, нарваўшы такой крапівы, складалі з яе купку і скакалі над ёй, як праз сапраўднае вогніша.
З вялікай цяжкасцю на агародзе я знайшла для вас каліва жычкі, глядзіце, ведайце ў твар. А гэтую вырываць не стану. Пакіну на расплод, няхай бароніць маю гаспадарку!

Пасля Купалы святкуем Яна

Ушанавалі Купалу, пагулялі — быць добраму ўраджаю і ладу ў свеце. Цяпер самы час вяртацца да хаты, дагледзець жывёлу і працягваць гуляць далей, святкаваць Яна.
7 ліпеня цэлы дзень нічога нельга было рабіць. Гатавалі багатую ежу, запрашалі гасцей, хадзілі ў царкву асвячаць зёлкі на лекі.

Смажаніна па-сялянску

600 г мяса, 6-8 бульбін, 1 морква, 1,5 ст лыжкі мукі, 0,5 шклянкі смятаны, 1,5 ст лыжкі здору, соль, кмен, лаўровы ліст.
Мяса прамыць, нарэзаць кавалкамі па 30-40 г, злёгку адбіць. Соль перацерці з кменам, пасаліць мяса, укачаць яго ў муку і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі.
Пакласці мяса ў чыгунок, дадаць ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булён або ваду і тушыць на слабым агні або на гарачай печы. Калі мяса будзе амаль гатова, дадаць лаўровы ліст, соль, смятану і патушыць усё разам.
У гэты дзень жанчыны і мужчыны апраналіся па святочнаму, але асаблівая ўвага звярталася на жаночыя галаўныя ўборы і абутак. Мужчыны абувалі скураныя боты або новыя лапці, а жанчыны выхваляліся чапцамі, павойнікамі і панчохамі з падвязкамі, дзяўчаты — "войнікамі" з блакітнай матэрыі з бісерам і ўзорамі (у даўнія часы аналагам войніка быў металічны вянец). Падчас Купалля на войнік зверху яшчэ замацоўвалі вянок з траў і кветак.
Самое месца, дзе ўсе збіраліся для святкавання, лічылася запаветным, як бы свяшчэнным. Яно абгароджвалася, абсаджвалася зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, колышкамі, накшталт зялёнага тыну, плятня.
Купальскае вогнішча - Sputnik Беларусь
Сёння – Купалле: план дзеянняў
Паўсюдна чуліся спевы, якія ўзмацняліся прытопваннем, стуканнем у кубло або вядро. Фалькларыст П. Бяссонаў у канцы 19 ст адзначаў: "Дзе толькі знаходзілася валынка і можна было яе дастаць, яна абавязкова прысутнічае. Пры ёй і дудар, скамарох з прытанцоўваннем. Калі ж няма, то добра і скрыпка".
Што казаць, умелі адпачываць нашы продкі!

Купальская варажба

Калі дзеўка пераскочыць цераз вогнішча і хоць адна іскрынка прычэпіцца да спадніцы — значыць, дзеўка ўжо хоча замуж.
Калі такое здарыцца мальцу, то ён ужо як жэніцца, то будзе па бабах хадзіць — ён, як кажуць, "апасны малец".
Калі да спадніцы іскра не прыстане, значыць, дзеўка "цярплівая", не адразу пойдзе замуж.
Стужка навiн
0