Ларыса Мятлеўская, Sputnik
У нас сягодня Купала, ня дзеўка агонь клала —
Сам Бог агонь раскладаў, усіх святых да сябе зваў.
Вось ужо на працягу двух тыдняў беларусы святкуюць Купалле. Хто не паспеў ушанаваць сонца 23 чэрвеня, можа паспрабаваць зрабіць гэта сёння, 6 ліпеня.
Купалле, Іван, Ян — старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння — найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, расліннасці і збажжыны. У выніку пазнейшага наслаення на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята было прымеркавана да дня Раства Іаана Хрысціцеля і ў праваслаўных адзначаецца з 6 на 7 ліпеня.
Свята вяршыні лета шырока адзначаецца ўсімі еўрапейскімі народамі. Пра значнасць гэтага дня сведчыць хаця б тое, што ў Францыі янаўскае вогнішча запальваў сам кароль. У тых еўрапейцаў, якія святкавалі Купалле, асноўныя элементы абраду былі практычна аднолькавыя, што сведчыць пра яго адзіныя старажытныя карані. Паўсюдна свята спраўлялі ўначы, палілі вогнішчы, спявалі і вадзілі карагоды вакол іх, плялі вянкі, збіралі лекавыя расліны, купаліся і абліваліся вадой.
Але найбольш архаічны характар свята захаваўся ў беларусаў. Яно звязана з сонечным календаром, які ў адрозненне ад рухавага месячнага — стабільны. Гэта аграрна-земляробчае свята, і таму ў ім ушаноўваюцца ўсе стыхіі, ад якіх залежыць жыццё. Гэта салярны культ, культ вады, расліннасці, эратычны культ. Купалле — гімн еднасці чалавека і прыроды.
Цікава ведаць. Слова «купала» мае некалькі трактовак:
— ад старажытнага "купа" — "купець", што азначае "гарэць";
— заходнепалесскі сэнс слова азначае "касцер", "агонь";
— беларускі дыялект слова "купіць" — "гарэць без полымя", "дыміць";
— ад слова "купацца";
— ад кораня "куп", "кып";
— "куп" — у тлумачальным слоўніку Даля тлумачыцца як зборышча людзей. Падкрэсліваецца масавы характар свята. Памятаеце радкі купальскай песні — "А хто не быў на Купаллі, бадай таго закапалі!"
Ва ўсім ёсць пачатак, росквіт і завяршэнне — і зноў выбух новага нараджэння, і так бясконца, пакуль ёсць свет. Крыху сумна, што дзень становіцца карацейшы, што хутка змоўкнуць птушыныя галасы, а кветкі ператворацца ў насенне. Рамантычны час закаханасці завершыцца шлюбам і народзяцца дзеці… Так мае быць, бо гэта вечны кругазварот.
А цяпер, каб было што ўзгадаць пра духмянае, спякотнае лета, трэба як след адзначыць Купалле. Складаем план дзеянняў.
Асноўныя моманты купальскага абраду
Вечар: збор траў і кветак для вянкоў; падрыхтоўка вогнішча; выбар Купалінкі і Купалежа;
Ноч: запальванне вогнішча; карагоды, скокі праз агонь; абрадавыя спевы; варажба на вянка; пошук папараць-кветкі; купальскія гульні, выкраданне і вызваленне Купалінкі.
Раніца: купанне; калектыўнае снеданне
У Купальскую ноч часта рабілі прапанову рукі і сэрца. Хлопец, які хацеў, каб дзяўчына пайшла за яго замуж, у дванаццаць гадзін вечара падыходзіў пад яе акно, тры разы стукаў і казаў: "Выхадзі, выхадзі…" Гэта азначала "выходзь за мяне замуж".
Або так: падчас купальскіх варожбаў часам вянкі кідалі ў вогнішча.Чый вянок хутчэй згарыць, тая дзеўка скарэй усіх выйдзе замуж. Хлопцы кідаліся ў агонь, каб выхапіць адтуль вянок тае дзеўкі, якая падабаецца. Калі гэта атрымаецца, то яна пакахае яго і выйдзе замуж.
Купальская гульня "Выбары хлопца".
Выбраўшы Купалінку, дзяўчаты выводзілі яе ў цэнтр карагода і засланялі ёй твар "чубром" — пакрывалам з палатна. Далей вадзілі вакол яе карагод і спявалі:
"Ішла Купалка сялом, закрыўшы вочкі чубром, давала хлопцам чалом".
Купалінка выбірала сабе хлопца "да пары". Выбраннік здымаў з яе пакрывала і завязваў сабе на руку або цераз плячо, як гэта робіцца на вяселлі.
На досвітку святкаванне завяршалася вясёлымі спевамі хлопцаў каля дагараючага вогнішча.
Іване, Іване! Устань-ка заране,
Глянь на дзевак:
Спаць захацелі, гуляць перасталі,
Зары не даждалі.
Будзіць дзеўкам ліха,
Бо яшчэ не ціха:
Ноч не прайшла,
Ліха не ўнясла.
Лешы паймаіць,
Цалаваць заставіць.
Жаль нам будзіць, калі дзевак убудзіць:
Будзем плакаць, бо некага сватаць!
Пажалейце нас, расцалуем вас!
Шчасліва адсвяткаваць!