МІНСК, 8 ліп — Sputnik. У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку "Вязынка" 9 ліпеня адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі".
Гэта свята даўно стала традыцыйным — ад 1972 года кожнае лета напачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць Дзень нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Да 134-годдзя падрыхтавана святочная праграма, падчас якой можна будзе пачуць песні на вершы Янкі Купалы ў выкананні Андрэя Скарынкіна, вершы-прысвячэнні Янку Купалу сучасных паэтаў, паслухаць выступ фальклорнага гурта "GUDA", фальклорнага гурта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта "Варган" і фальклорнага-этнаграфічнага калектыва "Маркаўчанка" (Маладзечна).
Ужо ў чацвёрты раз у межах літаратурнага фестывалю будзе праведзены "Кветкавы этнафестываль у Янкі Купалы". Галоўнай падзеяй Кветкавага этнафестывалю стане конкурс купальскіх вянкоў і букетаў "Купальская Краса" і дзіцячы фларыстычны конкурс "Купальская Красачка".
Кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у майстар-класе ад прадстаўнікоў Школы прафесійнай фларыстыкі "Арт Лаб" і міжнародных курсаў фларыстыкі "RozaAzora", а для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць школа малявання "Eleven-o-four" і дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка.
Пры жаданні можна паўдзельнічаць у пляценні купальскага вянка — сёлета ён будзе яшчэ большым — 4,5 метры ў дыяметры (!) — і стане часткай самага вялікага спяваючага карагода!
Будзе працаваць кірмаш рамёстваў, міні-лабараторыя "Сінэво", ладзіцца традыцыйныя танцы і гульні фальклорным гуртом "Варган". Стравы традыцыйнай беларускай кухні дапамогуць падтрымаць сілы, растрачаныя падчас гульняў і танцаў.
Пачатак святочных мерапрыемстваў а 12.00 па адрасе Мінская вобл., Маладзечанскі раён, в. Вязынка.
Таксама 10 ліпеня ў Радашковічах, у касцёле Cвятой Тройцы, адбудзецца "Купалаў фэст" — са святой імшой, мультымедыйнай прэзентацыяй да 100-годдзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч, дыкламацыяй вершаў Купалы пра каханне ўсімі ахвотнымі, віктарынай і канцэртам.
Для прысутных і ўдзельнікаў фэсту абавязковы дрэс-код: жанчыны — у доўгіх сукенках, мужчыны — у гарнітурах, пры гальштуках альбо з бабачкамі, паведамляецца на сайце музея.