МІНСК, 13 ліп — Sputnik. Навальнічны фронт, які прынёс у рэспубліку парывісты вецер і багатыя дажджы, пакіне тэрыторыю краіны ўвечары ў сераду, паведамілі Sputnik у МНС Беларусі са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Непагадзь прыйшла ў рэспубліку ў другой палове панядзелка 11 ліпеня: у шэрагу рэгіёнаў прайшлі моцныя дажджы, месцамі вецер узмацняўся да шквалістага. У панядзелак найбольш пацярпелі ад моцнага ветру Гродна і Шаркаўшчына — там стыхія пашкодзіла дахі дамоў, зламала шмат дрэў. Паводле дадзеных Гідрамета, у Мінску і Докшыцах за суткі выпала чвэрць месячнай нормы ападкаў. У аўторак моцная навальніца прайшла ў Дзяржынску: многія вуліцы былі затоплены, вецер сарваў дахі з некаторых дамоў.
"Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя прагназуецца, што каля 21:00 13 ліпеня навальнічны фронт пакіне тэрыторыю Рэспублікі Беларусь", — сказалі ў МНС.
У сваю чаргу ў Гідраметцэнтры паведамілі, што ў сераду на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы з навальніцамі, у асобных раёнах моцныя ліўні з градам. Пры навальніцах вецер будзе ўзмацняцца да шквалістага. Максімальная тэмпература паветра складзе ад +23°С да +29°С, па паўднёва-ўсходніх раёнах — да +34°С, па паўночным захадзе + 17…+ 22°С.