МІНСК, 20 ліп — Sputnik. Сталічныя энергетыкі папярэдзілі аматараў гульні Pokemon GO, што шукаць і лавіць пакемонаў паблізу энергетычных аб'ектаў небяспечна.
Рэлізу імкліва набіраючай папулярнасць у свеце гульні для Беларусі і Расіі пакуль не было, аднак карыстальнікі запампоўваюць Pokemon Go пры дапамозе адмысловага apk-файла для тэлефона на Android або памяняўшы наладкі ў Apple ID для смартфонаў на IOS.
"Мінскэнерга" папярэджвае аматараў гульні Pokemon GO і іншых геалакацыйных гульняў аб небяспецы і заклікае не лавіць пакемонаў паблізу энергетычных аб'ектаў", — сказалі ў прэс-службе прадпрыемства.
Там таксама нагадалі, што пры лоўлі пакемонаў катэгарычна забараняецца залазіць на апоры ЛЭП, дахі вагонаў, дамоў, пранікаць у трансфарматарныя падстанцыі або за агароджу электрычных падстанцый, адкрываць дзверцы размеркавальных шчытоў.
Pokemon Go — гэта бясплатнае прыкладанне, якое дазваляе "лавіць" пакемонаў пры дапамозе камеры смартфонаў, такім чынам злучаючы віртуальную і рэальную прастору. Больш за тое, акрамя фігурак, якія скачуць, у гульні расстаўлены так званыя PokeStop — гэта, як правіла, элементы гарадскога ландшафту (помнікі, вядомыя будынкі і г.д.), падышоўшы да якіх, можна атрымаць бонусы ў выглядзе пакешароў ці нават яйка пакемона.