МІНСК, 20 ліп — Sputnik, Яўген Казарцаў. Кнігарня "Вянок" у Траецкім прадмесці Мінска часова зачынена праз змену ўладальніка, паведамілі Sputnik у "Белкнізе".
"Вянок" — легендарная букіністычная крама ў Траецкім прадмесці, якая працавала з 1980-х гадоў. Кнігарня палюбілася мінчанам — асноўная частка асартыменту складалася з патрыманых кніг, кошты тут былі невысокімі, а знайсці можна было багата цікавага.
Праблемы ў "Вянка" пачаліся яшчэ ў мінулым годзе: нерэнтабельнасць пагражала яму закрыццём. Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа, якому належыла крама, спрабаваў заклікаць на дапамогу ўлады. У ліпені ж мінчукі заўважылі, што "Вянок" зачынены.
"Яго купіла" Белкніга", адновіць жа працу "Вянок" у жніўні — прыблізна, у сярэдзіне. Кнігі, якія ў ім прадаваліся, зараз знаходзяцца ў іншых крамах, якія належаць Паліграфкамбінату", — распавялі Sputnik у "Белкнізе".
Пасля аднаўлення працы крамы "Вянок" крыху зменіць канцэпцыю: букіністычнаму аддзелу адвядуць толькі палову невялікай залы. Але ў першыя дні пасля адкрыцця гэтая частка крамы будзе пустой — у "Белкнізе" чакаюць, што мінчане пакрысе запоўняць яе, здаўшы на рэалізацыю свае старыя кнігі.
У пераліку крам сеткі на сайце "Белкнігі" крамы ў Траецкім яшчэ няма. Без уліку "Вянка", у прадпрыемства 77 крамаў па ўсёй краіне. Бліжэйшая да Траецкага прадмесця — "Светач" на праспекце Пераможцаў, у пяці хвілінах хады.