МІНСК, 29 ліп — Sputnik. Востры недахоп пляцовак для выгулу сабак існуе ў Мінску і іншых беларускіх гарадах, заявіла ў інтэрв'ю Sputnik кіраўнік грамадскага аб'яднання "Зоошанс" Вольга Карпава.
Зоаабаронцы працягваюць падымаць пытанне аб неабходнасці абавязковага чыпіравання хатніх жывёл. Гэта дапамагло б не толькі праводзіць улік колькасці, напрыклад, сабак, але і сачыць за тым, каб беларусы плацілі падатак на хатніх жывёл.
"Ніхто не хоча плаціць гэтыя грошы, таму што зусім не зразумела, куды гэтыя грошы потым пойдуць. Калі б у заканадаўстве паказвалася, што сродкі накіруюць акурат на выгоды для ўладальнікаў хатніх жывёл, то куды больш плацілі б", — распавяла Sputnik эксперт.
Карпава прывяла прыклад: атрыманыя за кошт гэтага сродкі можна было б накіроўваць на стварэнне і добраўпарадкаванне пляцовак для выгулу сабак, якія цяпер беларусы вымушаны будаваць за свой кошт.
"У нас вельмі мала гэтых пляцовак. Калі ў пачатку двухтысячных у тым жа Мінску іх было дастаткова, то зараз амаль не засталося. Але ж сабакам трэба часам і пабегаць, павесяліцца. Пры гэтым, трэба ствараць і бяспечныя ўмовы. Менавіта для таго неабходныя пляцоўкі для выгулу", — падкрэсліла кіраўнік ГА "Зоошанс".
Свае прапановы зоаабаронцы будуць накіроўваць беларускім заканадаўцам. Чакаецца, што неўзабаве прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпіша закон "Аб абыходжанні з жывёламі", аднак спецыялісты кажуць: шматлікія нюансы яшчэ трэба ўлічыць, каб заканадаўства працавала на карысць і саміх гадаванцаў, і іх уладальнікаў.