МІНСК, 2 жні — Sputnik. Неспрыяльныя ўмовы надвор'я чакаюцца ў Беларусі ў аўторак 2 жніўня — месцамі па рэспубліцы прагрымяць навальніцы, якія будуць суправаджацца моцнымі залевамі, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Раней сіноптыкі прагназавалі, што жнівень пачнецца з дажджлівага надвор'я: самыя моцныя дажджы пройдуць на пачатку першага тыдня, прынясуць іх актыўныя атмасферныя франты з Заходняй Еўропы.
"У аўторак 2 жніўня днём па ўсходзе рэспублікі чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с", — сказалі ў Гідраметцэнтры.
Там таксама паведамілі, што ў Мінску днём будзе без істотных ападкаў.
Паводле дадзеных сіноптыкаў, максімальная тэмпература паветра днём у аўторак па краіне складзе +20…26°С.