МІНСК, 2 жні — Sputnik. Праект па інвентарызацыі і ўліку векавых дрэваў і насаджэнняў стартуе ў Беларусі, паведамілі Sputnik у аўторак у Інстытуце эксперыментальнай батанікі ім. В. Ф. Купрэвіча.
Мерапрыемства ладзіцца па заказу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Беларускім батанічным грамадствам і таварыствам "Зялёная сетка" і разлічана на перыяд да 2018 года. З 16 жніўня бягучага года супрацоўнікі інстытута пачнуць працу па інвентарызацыі старых дрэў у Гродзенскай вобласці.
"Асобныя унікальныя дрэвы-доўгажыхары і высокаўзроставыя насаджэнні з'яўляюцца эталонамі відаў, захавальнікамі найкаштоўнейшай дэндрахраналагічнай інфармацыі, неад'емнай часткай і важным кампанентам прыроднага ландшафту, забяспечваюць захаванасць генафонду біялагічнай разнастайнасці асобнай мясцовасці, краіны і Зямлі ў цэлым. Такія аб'екты павінны стаць здабыткам і гонарам краіны і ўвайсці у рэгіянальныя турыстычныя кластары", — сказалі ў інстытуце.
Там таксама паведамілі, што ў цяперашні час у Беларусі налічваецца каля 90 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння і каля 230 — мясцовага.
"Аднак ўлік аб'ектаў на гэтым абмяжоўваецца, а практыка паказвае, што ў населеных пунктах, у лясных масівах, на тэрыторыі прыватных сядзібаў і старадаўніх паркаў захавалася вялікая колькасць унікальных хвояў дрэў і насаджэнняў", — канстатавалі ў НАН.
Паводле слоў суразмоўцаў Sputnik, у рамках праекта будзе сфарміравана база дадзеных "Рэдкія і унікальныя дрэвы і насаджэнні Беларусі", самыя старыя з іх — абвешчаны помнікамі прыроды. Акрамя таго, выяўленыя рэдкія і ўнікальныя дрэвы і насаджэнні стануць часткай турыстычных маршрутаў.
У інстытуце звярнуліся да грамадзян з просьбай дапамагчы ў зборы інфармацыі: навукоўцаў цікавяць дрэвы, акружнасць ствала якіх дасягнула больш за тры метры, а таксама паркі, алеі або іх фрагменты узростам 100 гадоў і старэй. Паведаміць аб знойдзеных унікальных насаджэннях у Інстытут можна з дапамогай звычайнай (вул. Акадэмічная, 27, 220072, Мінск) ці электроннай (inform.trees@gmail.com) пошты альбо па факсе 8 (017) 284-18-53.