МІНСК, 11 жні — Sputnik. Дырэктар Мінскага заапарка Юрый Рабаў знаходзіцца на працоўным месцы і выконвае свае абавязкі, паведаміў Sputnik намеснік дырэктара Аляксандр Сафронаў.
У чацвер у СМІ з'явілася інфармацыя са спасылкай на прадстаўнікоў Кобрынскага РУУС, што дырэктар заапарка ўцёк, яго пошукамі займаюцца аператыўнікі.
"Ён праводзіць цяпер нараду. Можаце пачакаць, але гэта будзе доўга", — сказаў Сафронаў.
У 2015 годзе Мінскі заапарк атрымаў ад маскоўскай фірмы "АфраЗаа" чатырох гіенавых сабак з умовай: калі з'явяцца шчанюкі, заапарк павінен вярнуць іх кампаніі. На мінулым тыдні шчанюкоў з заапарка знайшлі ў хляве ў Кобрынскім раёне.
"Работнікі заапарка, парушыўшы ўмовы дагавора, прысвойвалі сабе прыплод экзатычных жывёл шляхам унясення загадзя ілжывых звестак. Арыенціровачны кошт адной асобіны складае не менш за 12 тысяч долараў", — паведамілі па гарачых слядах праваахоўнікі.
Расказаць пра тое, як шчанюкоў вывезлі з заапарка, у якім стане вярнулі, Сафронаў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ідзе следства.
Уся папуляцыя гіенападобных сабак у свеце складае не больш за тры-пяць тысяч асобін. Гэты від занесены ў міжнародную Чырвоную кнігу.