МІНСК, 11 жні — Sputnik. Чарговы білборд з памылкамі ў беларускай мове ўстаноўлены ў Мінску на вуліцы Леніна, непадалёк ад вуліцы Кастрычніцкай.
Тэкст плаката заклікае наведваць беларускія музеі з карткай "Белкарт". На білбордзе дзве памылкі: слова "любішЬ" па-беларуску трэба пісаць без мяккага знака, а замест "свАю" напісана "свОю". На ім указана і аўтарства — міністэрства культуры.
Заўважыць памылкі нават уважліваму гараджаніну будзе непроста, паколькі білборд размешчаны на ажыўленым участку дарогі, святлафораў паблізу няма, і машыны ля непісьменнай рэкламы не прыпыняюцца. Практычна няма і пешаходаў, паколькі паблізу няма жылых дамоў.
"Тыя, хто гэтым займаўся, робяць усё зусім без галавы. А міністэрства культуры тут за вушы прыцягнутая", — паведамілі Sputnik у прыёмнай ведамства і параілі ўдакладніць інфармацыю ў начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці.
Каментар начальніка ўпраўлення, з якім хутчэй за ўсё ўзгадняўся тэкст білборда, Sputnik атрымаць пакуль не ўдалося.
На пачатку тыдня інтэрнэт-карыстальнікі звярнулі ўвагу на білборд з выявай помніка Францыска Скарыны, усталяваны ў гонар года культуры. У тэксце рэкламы ўтрымліваліся чатыры памылкі, сярод іх — фактычная: стваральнікі білборда пераблыталі стагоддзе, на якое прыпала дзейнасць першадрукара.
Пазней Мінкульт ад білборда адхрысціўся і паведаміў, што яго распрацоўкай займалася "Мінскрэклама". Амаль адразу яго знялі і замянілі на плакат "Я люблю Беларусь".