МІНСК, 11 жні —Sputnik. Арфаграфічныя памылкі на білбордзе з рэкламай праекта "Музеі Беларусі" яе стваральнікі растлумачылі "чалавечым фактарам".
Рэкламу з памылкамі выявілі ў чацвер. Плакат прысвечаны сумеснаму праекту Мінкультуры і "Белкарт". На ім ёсць дзве памылкі: слова "любішЬ" па-беларуску трэба пісаць без мяккага знака, а замест "свАю" напісана "свОю", таксама пастаўлены злучок там, дзе павінен быць працяжнік. На білбордзе пазначана і аўтарства — міністэрства культуры, аднак, як высветліў Sputnik, ведамства не зацвярджала змест рэкламы.
"Арфаграфічныя памылкі на білбордзе з'явіліся таму, што спрацаваў чалавечы фактар. Праз вялікую загрузку спецыяліста, адказнага за праект, былі пераблытаны файлы, у друк накіравалі няправільны варыянт. Але ўжо ўсе выпраўляецца, у хуткім часе білборды будуць замененыя", — распавяла Sputnik куратар праекта Ксенія Тарасевіч.
Куратар праекта "Музеі Беларусі" прабачаецца перад уважлівымі чытачамі і дзякуе за тое, што памылкі былі заўважаныя. Усім жадаючым яна прапанавала патлумачыць сітуацыю асабіста па тэлефоне +375 33 3903154.
"Што ж тычыцца таго, што калi "упраўленне міністэрства давала "дабро" на рэкламу картак "Белкарт" і беларускіх музеяў", то рэклама картак да дадзенага праекту не мае дачынення. Задача была расказаць аб праекце "Музеі Беларусі", — дадала Ксенія Тарасевіч.
На гэтым тыдні інтэрнэт-карыстальнікі звярнулі ўвагу на білборд з выявай помніка Францыску Скарыну, усталяванага ў гонар Года культуры. У тэксце рэкламы ўтрымліваліся чатыры памылкі, сярод іх факталагiчная: стваральнікі білборда пераблыталі гады жыцця першадрукара.
Пазней Мінкульт ад білборда таксама адхрысціўся і паведаміў, што яго распрацоўкай займалася "Мінскрэклама". Амаль адразу яго знялі і замянілі на плакат "Я люблю Беларусь".