МІНСК, 16 жні — Sputnik. Жыхар кітайскай правінцыі Хэйлунцзян завяшчаў уласнаму сабаку 80 тысяч юаняў (каля 12 тысяч даляраў ЗША), якія збіраў усё жыццё, паведаміла газета China Daily.
Жыхар горада Харбін Ван Цзюнь, якому 71 год, звярнуўся ў мясцовы прытулак для жывёл, заявіўшы, што напісаў завяшчанне і мае намер ахвяраваць прытулку свае зберажэнні на суму 80 тысяч юаняў. Ён выказаў надзею на тое, што гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца ў якасці "пенсіі па старасці" для яго гадаванца, сабакі па мянушцы Эрфу.
Як адзначае выданне, сабака з'яўляецца адзіным членам сям'і састарэлага мужчыны. Сын загінуў у аўтакатастрофе, калі яму было шэсць гадоў, а пасля ад хваробы памерла і жонка. Ван Цзюнь прытуліў сабаку, калі той быў яшчэ шчанюком.
"У апошні час я сябе кепска адчуваю. Мой сабака — мая адзіная трывога", — заявіў пенсіянер. Пажылы мужчына перажыў некалькі інфарктаў і інсульт і хоча быць упэўненым у тым, што ў сабакі будзе годнае жыццё пасля яго смерці.
Паведамляецца, што летась ён аднойчы страціў сабаку, аднак з дапамогай суседзяў жывёліну ўдалося знайсці. "Я ніколі не пакідаў яго аднаго з тых часоў. У мяне нікога больш няма. Я б лепш памёр, чым зноў страціць яго", — заявіў гаспадар сабакі. Выданне таксама адзначае, што сабака вельмі адданы свайму гаспадару, пастаянна ходзіць побач і нікога не падпускае.
Адміністрацыя прытулку пагадзілася паклапаціцца пра жывёлу, але адмовілася ўзяць грошы пенсіянера.