Прызнаюся як на духу: дзяцей да 1 верасня я збіраю, зусім не клапоцячыся пра айчыннага вытворцу. Вось ужо некалькі гадоў я езджу за школьнай формай у Беласток або Люблін. Калі трэба "ад і да" апрануць двух школьнікаў, выдаткі на дарогу і "зялёную карту" сябе акупляюць. І не папракайце мяне ў адсутнасці патрыятызму — ну не падабаюцца мне гарнітурчыкі з ватнымі плечукамі, у якія прапануе апрануць майго другакласніка фабрыка "Камінтэрн". Бо дзіця ў гэтым "гарнітурчыку" яшчэ па падлозе любіць папоўзаць, у машынкі пагуляць… Жудаснае відовішча, пагадзіцеся.
Да таго ж, мяне зусім не задавальняюць некаторыя якасці гарнітура, настойліва рэкамендуемага чыноўнікамі ад адукацыі — узімку ў ім холадна, а ўвосень-вясной — душна. Ды і ў цэлым пачуццё прыгожага ў нас з айчынным вытворцам — адрознае.
А яшчэ многія гады мне не дае спакою адно пытанне: ці можна рэкамендаваць насіць, да прыкладу, школьныя нагавіцы (паводле водгукаў дзяцей, "халодныя" і "калючыя"), калі мы ўсім класам скідваемся на тое, каб замяніць у школьным кабінеце хаця б адно акно, у шчыліны паміж рамамі якога выдатна праходзіць палец? Пра які дзелавы стыль можа ісці гаворка, калі настаўнік ходзіць па класе, накінуўшы паліто?
Таму я набываю дзецям джынсы, стылізаваныя польскімi ўмельцамі пад нагавіцы ад гарнітура, і клапатліва ж уцепленыя знутры флісам або фланэллю.
І пінжакоў, у якіх дзеці выглядаюць маленькай карыкатурай на чыноўніка, імкнуся пазбягаць — не самае зручнае адзенне для рухавага чалавека. Набываю пуловеры, кофты з V-вобразным выразам, камізэлькі і кашулі. Нармальны стыль, прыняты ў пачатковых школах па ўсёй Еўропе. На шчасце, супраць гэтага фасону агульнаадукацыйная школа нічога не мае. Але ўсё ж настойліва рэкамендуе "двойкі" або "тройкі". Як на вяселлі, увогуле. Каб афіцыйна і ўрачыста.
Праўда, старэйшы вось выявіў жаданне насіць у школу пінжак. Але тое, што падабаецца яму — джынсавы з латкамі на локцях або з мяккага твіду — мала падобна на мадэлі айчыннага вытворцы, сумныя да зубнога болю. Затое ў польскім мас-маркеце такога — вагон і маленькі вазок.
Наступнае пакутлівае пытанне ўзнікае, калі я гляджу на шэрагі сумнага чорнага абутку — ці сапраўды ён пашыта для дзіцяці? Можа, я наіўная, але хочацца, каб дзяцінства ўсё ж такі мела фарбы. Загнаць чалавека ў гарнітурны афіцыёз яшчэ паспеюць іншыя грамадскія ўстановы ў яго жыцці. А можа, людзі, якія ствараюць рэкамендацыі, не ведаюць, якім камфортным і антыстрэсавым можа быць абутак, знешне падобны на красоўкі, сліпоны або кеды?
Чаму з аднаго боку ходзяць заклікі павялічваць колькасць урокаў фізкультуры, паколькі сучасныя дзеці знаходзяцца ў жудаснай гіпадынаміі, а з іншага — адзенне для іх распрацоўваецца такое, што любыя рухі становяцца нязручнымі?
Яшчэ адно пытанне, праз якое я, маці, пакутую кожны навучальны год: чаму для школы непрыдатныя цёмныя джынсы — чорныя ці цёмна-сінія, без апрацоўкі. Я не лічу, што школьнікаў трэба апрануць у блакітны дэнім з дзюрамі і латкамі. Але чаму нельга цёмныя? Чаму прафесару Гарварда можна хадзіць на лекцыі ў джынсах і пінжаку ў клетку, а сямігадоваму хлопчыку поўзаць па дыване на перапынках трэба ў іскрыстых штанах і пінжаку? Чаму найбагацейшыя людзі свету могуць хадзіць на свае дзелавыя сустрэчы ў джынсах, а беларускі школьнік мусіць прытрымлівацца прапісанага "дзелавога стылю", які, па вялікім рахунку — не зусім і дзелавы?
Ёсць і яшчэ адзін важкі аргумент маіх не патрыятычных паводзін: увесь камплект школьнага абмундзіравання са спартыўнымі касцюмамі і кедамі, сарочкамі і пола, пуловерамi і пінжакамі ад брэндаў мас-маркету абыходзяцца танней прыкладна ў паўтара раза, чым аналагічныя закупы ў Беларусі. Таму, напэўна, на выезд з беларускага боку я прастаяла больш за пяць гадзін, і бачыла, як разбіраюць тавары для школьнікаў у Польшчы лёгка пазнавальныя суайчыннікі.
Традыцыі школьнай формы ёсць у многіх самавітых школах і сістэмах адукацыі. І я не адмаўляю яе зусім, больш за тое, лічу, што школьная форма ўсё ж такі павінна быць. Але не пазбаўленая здаровага сэнсу. Зручная не толькі для прадпрыемстваў "Беллегпрама" і правяраючых, але і для дзяцей.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пунктам гледжання рэдакцыі.