Мінскі паўмарафон: зорныя ўдзельнікі і анімацыя для гледачоў

© Sputnik / Марина СеребряковаМарафонцы ў горадзе
Марафонцы ў горадзе - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Да Дня горада ў сталіцы пройдзе больш за 20 спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку турнір па сілавым экстрыме, марафон на ролікавых каньках і самы масавы – Мінскі паўмарафон.

МІНСК, 24 жні — Sputnik. Вядомых спартсменаў — удзельнікаў міжнародных паўмарафонаў чакаюць убачыць сёлета на старце арганізатары Мінскага паўмарафону, распавяла на прэс-канферэнцыі ў сталіцы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка.

"Спартсмены звычайна пацвярджаюць свой удзел бліжэй да мерапрыемства. Але ёсць інфармацыя, што прыедуць знакамітыя бегуны з Эфіопіі. Загадзя складана сцвярджаць, што яны сапраўды будуць. Але мы іх чакаем", — сказала Дзямешка.

Плануецца, што сёлета Мінскі паўмарафон будзе больш масавым: калі ў 2015-м удзел у забегу прынялі каля 15 тысяч чалавек, то ў гэтым годзе на старце чакаюць убачыць да 20 тысяч.

"Самае цікавае — гэта яго масавасць. Калі вы бачылі пачатак забегу летась: як выбудоўваецца гэтая 15-тысячная калона — а яна ж займае сто метраў або нават больш уздоўж праспекта — гэта вельмі відовішчна", — падзялілася Дзямешка.

Кірмаш беларускіх тавараў ля Палацу спорту ў Мінску - Sputnik Беларусь
Дзень горада: 5 кіламетраў гандлёвых плошчаў і кулінарныя майстар-класы

Яна нагадала, што будзе некалькі забегаў: на 10 кіламетраў для аматараў і на 21 кіламетр для больш падрыхтаваных стаераў і прафесійных спартсменаў. Для гледачоў на ўсёй працягласці трасы будуць устаноўлены спецыяльныя пляцоўкі, дзе ў чаканні калоны публіку будуць забаўляць аніматары і артысты. Дзямешка нагадала, што яшчэ можна зарэгістравацца і прыняць удзел у забегу, рэгістрацыя закрываецца 31 жніўня.

"Кожны ахвочы, хто зарэгіструецца на сайце, будзе мець магчымасць прыняць удзел у мерапрыемстве. Мэта яго — не перамагчы ці нават дабегчы да фінішу, а далучыцца да масавага спорту і аздараўлення", — нагадала прадстаўнік Мінгарвыканкама.

Яна таксама распавяла пра іншыя спартыўныя мерапрыемствы, якія пройдуць у Мінску ў рамках святкавання Дня горада — усяго іх запланавана больш за 20. Сярод найбольш значных Дзямешка адзначыла Міжнародны турнір па сілавым экстрыме, які адбудзецца 3 верасня каля Палаца спорту, турнір Нацыянальнай лігі па баскетболе "тры на тры", Міжнародны марафон на ролікавых каньках.

Канькабежцам і лыжаролерам прапануюць пераадолець трасу ў 42 кіламетры. Гэтыя спаборніцтвы адбудуцца ў новым Парку экстрэмальных відаў спорту, які таксама ўрачыста адкрыюць да Дня горада 3 верасня.

Стужка навiн
0