МІНСК, 29 жні — Sputnik. Галівудскі акцёр Стывен Сігал паселіцца ў шматфункцыянальным комплексе "Маяк Мінска".
Знакамітасць наведваў Мінск на мінулым тыдні: ён удзельнічаў у распрацоўцы гульні World of Warships і сустракаўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка. Як пазней высветлілася, у Сігала ёсць беларускія карані.
А сталіца Беларусі яму спадабалася настолькі, што ён вырашыў тут купіць нерухомасць — у комплексе "Маяк Мінска".
"Мне вельмі спадабаўся дом "Пікаса". З яго вокнаў адкрываецца выдатны від на Нацыянальную бібліятэку, парк і бульвар Пікаса. Я забраніраваў тут увесь жылы паверх", — цытуе акцёра агенцтва БелТА.
Дзяржагенства таксама дадае, што Сігал назваў Мінск самым прыгожым горадам з усіх, дзе ён калі-небудзь быў.
"Падобныя праекты я бачыў толькі толькі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Фларыдзе і Сінгапуры", — запэўніў акцёр.
"Калі гаворка ідзе пра ўкладанне сваіх сродкаў, то, вядома ж, я думаю як аб праекце, у які інвестуюць грошы, так і пра краіну, у якой ён ажыццяўляецца. У Беларусі інвестыцыйны клімат вельмі спрыяльны. Такія паказчыкі, як "Вядзенне Бізнесу-2016" яшчэ ў большай ступені характарызуюць станоўчую дынаміку эканомікі Беларусі — за адзін год краіна паднялася адразу на 13 пунктаў — з 57 на 44 пазіцыю", — разважыў Сігал і дадаў, што яго сябры разглядаюць магчымасці інвеставання ў некаторыя беларускія праекты.
Таксама магчыма, што ў сталіцы неўзабаве з'явіцца додзё (трэніровачны цэнтр), дзе сэнсэй Сігал будзе рыхтаваць беларускіх спартсменаў.
Каментароў у кампаніі "Дана Холдынг" адносна новага жыхара Sputnik атрымаць не ўдалося.
Комплекс "Маяк Мінска" — адзін з самых спрэчных даўгабудаў сталіцы. Яго жыхары не раз выказваліся аб тым, што ў новабудоўлях занадта вузкія ліфты, дваровыя тэрыторыі занадта малыя, а пытанне з паркоўкамі так і не вырашана. У мінулую суботу кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў журналістам, што прэтэнзіі да комплексу "надуманыя".