МІНСК, 30 жні — Sputnik. Міністэрства адукацыі не падтрымае ініцыятыву з павышэннем кошту навучання ў беларускіх універсітэтах, заявіў журналістам у аўторак кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў.
Кіраўнік ведамства патлумачыў: студэнтам старэйшых курсаў пералічаць сумы для аплаты з улікам росту выдаткаў на іх падрыхтоўку.
Сярэдні кошт года навучання ў вядучых універсітэтах Беларусі — каля тысячы долараў ЗША па курсе. На малодшых курсах "цэннік" за атрыманне адукацыі вышэй, чым у старшакурснікаў.
"Калі рэктары ВНУ будуць выходзіць з ініцыятывамі аб павышэнні кошту навучання, мы іх падтрымліваць не будзем", — заявіў Жураўкоў.
Міністр дадаў, што студэнтам старэйшых курсаў сумы да аплаты пералічаць з улікам таго, на колькі выраслі выдаткі на іх навучанне. Прасцей кажучы, праіндэксуюць.
"Усталёўваць памер платы за навучанне — гэта прэрагатыва ВНУ. І рэктары цалкам адказваюць за дакладнасць гэтых разлікаў. Усталёўваючы цэны, яны павінны іх аргументаваць і паказаць, колькі рэальна каштуе падрыхтоўка аднаго студэнта", — дадаў кіраўнік Мінадукацыі.
Міністэрства ўжо разлічыла рэальныя затраты ўніверсітэтаў на падрыхтоўку студэнтаў. Паводле яго слоў, рэнтабельнасць у айчынных ВНУ мінімальная, але "ўсе павінны разумець, што плата за навучанне не можа быць ніжэй за выдаткі".
Студэнтамі ў гэтым годзе стала больш за 56 тысяч чалавек, крыху больш за палову з гэтага ліку сталі першакурснікамі платных аддзяленняў.