Урачыстую лінейку арганізавалі ў полі, куды прыехалі выхаванцы цэнтра, іх трэнеры, бацькі і грацыёзныя жывёлы. Замест кветак дзеці прынеслі любімы ласунак сваіх конікаў — рафінад і моркву.
Самым малодшым наезнікам — 10 гадоў, дарослым выхаванцам цэнтра ўжо па 30 з вялікім хвосцікам. Школа, адкрытая ў 1958 годзе на базе коннага завода, з 2006 года атрымала статус абласнога цэнтра па конным спорце. Тут культывуюць канкур, выездку, трохбор'е, самае маладое аддзяленне — па сучасным пяцібор'і. Сярод цяперашніх выхаванцаў ёсць удзельнік Алімпіяды ў Лондане. На Гульні ў Рыа 34-гадовы Аляксандр Фамін не патрапіў праз траўму.
Самы, мабыць, кранальны момант лінейкі — выбудаваныя ў шэраг жывёлы з заплеценымі грывамі і расчасанымі хвастамі, а таксама вершнікі ў прыбранай адзежы — белых брыджах і галаўных уборах. Нават у гэты момант наезнікі і коні ператварыліся ў адзінае цэлае. Без павагі і любові адзін да аднаго такога выніку, пагадзіцеся, наўрад ці даб'ешся.
Пра высокія пачуццях нагадаў і запрошаны на імпрэзу святар. Айцец Ігар з храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца распавёў, што пачатак навучальнага года супаў з яшчэ адным святам — Днём святых Флора і Лаўра, заступнікамі коней на Русі. У гэты дзень да жывёл ставіліся па-асабліваму: не толькі не працавалі на іх, але і не сядлалі, не паганялі пугай. Затое купалі, упрыгожвалі стужкамі, кармілі ўволю адборным аўсом, частавалі салёнымі акрайцамі і… вадзілі ў царкву.
Пасля абвяшчэння закрыцця лінейкі хлопцы пабеглі ў стайні, папеставаць прысмакамі сваіх улюбёнцаў.