МІНСК, 2 вер — Sputnik. Белавежская пушча запрасіла аматараў прыроды паглядзець на паядынкі высакародных аленяў.
"З канца жніўня да сярэдзіны кастрычніка ў Белавежскай пушчы можна пачуць захапляльныя гукі, якія выдае высакародны алень падчас гону", — паведамілі Sputnik у пятніцу ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча".
Па словах суразмоўцаў агенцтва, у гэты час самцы арганізуюць "гарэмы" з пэўнай колькасці самак, лік якіх можа складаць ад двух да дваццаці.
"Рыканне аленяў разносіцца на адлегласць да некалькіх кіламетраў. Голас аленя ўключае ў сябе розныя гукі, ад хрыпатых да нізкіх і працяжных, якія нагадваюць рыканьне", — распавялі спецыялісты. Яны таксама адзначылі, што даведацца, моцны самец ці слабы, можна не толькі па вонкавым выглядзе, але і па голасе.
"У моцнага і больш дасведчанага аленя голас хрыплы і нізкі, а ў маладога і слабога — больш высокі і чысты", — растлумачылі спецыялісты. У перыяд гону магчымыя бойкі паміж самцамі, дзякуючы якім жывёлы усталёўваюць першынство, сказалі спецыялісты.
"Супернікі сутыкаюцца рагамі, спрабуючы збіць з ног адзін аднаго. Больш слабыя самцы хутка пакідаюць поле бою", — паведамілі суразмоўцы Sputnik.
"Той, хто бачыў баі высакародных аленяў, разумее, што дзейства ўражвае — самцы дэманструюць сілу і стаць, гучна трубяць, капаюць зямлю капытамі, рагамі ламаюць галіны дрэў, а таксама выганяюць са сваёй тэрыторыі супернікаў і даглядаюць самак", — сказалі ў нацпарку.
Як раней паведамляў Sputnik, у Беларусі аднавілі спаборніцтвы вабільшчыкаў — людзей, якія могуць пераймаць крык аленя.