МІНСК, 2 вер — Sputnik. Серыю сельскагаспадарчых кірмашоў у сталіцы адкрые фестываль "Свята хлеба — 2016", паведаміла Sputnik прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Анастасія Прымакова.
Сельскагаспадарчыя кірмашы стартуюць ужо ў верасні і працягнуцца да пачатку лістапада. Размяшчацца яны будуць у кожным раёне горада, і там можна будзе набыць гародніну і садавіну па "дэмпінгавых коштах".
Першым мерапрыемствам у рамках старту кірмашоў будзе фестываль "Свята хлеба". Пройдзе ён 10 верасня каля Палаца спорту.
Ва ўпраўленні абяцаюць, што наведвальнікі кірмашу змогуць азнаёміцца з новымі відамі прадукцыі ўсіх хлебазаводаў сталіцы. Акрамя таго, тут пройдуць майстар-класы па выпяканні хлеба і булачак дома.
Абяцаюць арганізатары віктарыны і конкурсы, магчымасць сфатаграфавацца ў касцюме пекара і дэгустацыі.
"Свята хлеба" адбудзецца ў другі раз: у мінулым годзе яно было ў сталічным парку імя Горкага.