"Пярэзвы", або "Цыганы": беларускія вясельныя звычаі

© Photo : з асабістага архіва Ларысы МятлеўскайЭтнограф Ларыса Мятлеўская ў строі свацці (Заходняе Палессе)
Этнограф Ларыса Мятлеўская ў строі свацці (Заходняе Палессе) - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Не так даўно давялося мне пагуляць на вяселлі. І хоць вяселле было сучаснае, не ў вясковай хаце, а ва ўтульным рэстаране, госці змаглі акунуцца ў атмасферу сапраўднага беларускага вяселля.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Якім яно было? Вясёлыя сваты з тканымі ручнікамі наперавес, музыкі, якія гралі на дудзе, акардыёне, скрыпцы на ўсю акругу так, што ногі самі скакалi!
А вясельны Каравай, які быў упрыгожаны 100 фігуркамі! Ім, чароўным абрадавым хлебам, Маладыя надзялялі кожнага госця, а тыя за гэта адорвалі маладых падарункамі з пажаданнем шчаслівай долі.
Свацця, згодна традыцыі, выкупляе каравай
Сталы ламіліся ад традыцыйных і сучасных страў на любы густ! І як жа іначай! Існуе павер'е: чым больш на вяселлі госці з'ядуць і вып'юць, тым багацейшае і сыцейшае жыццё чакае маладых.
Беларускія вясельныя традыціі вельмі багатыя, і пра іх мне ёсць вам што расказаць — але крыху пазней.
 
 
На вяселлях гулялі многія, а вось пра такую частку гэтага абрада, як "пярэзвы", або як яе яшчэ называюць у народзе — "цыганы", ужо амаль забыліся.
Касцёл у в. Мілашова - Sputnik Беларусь
"Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні": вясельныя спевы і вернісаж у "Пуні"
А паколькі мне на пярэзвах пабываць давялося, то грэх не нагадаць пра гэты старажытны сямейны звычай.
Даведка: вяселле — комплекс абрадаў, звычаяў у спалучэнні са шматлікімі фальклорнымі элементамі, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з'яўляюцца няпісаным юрыдычным актам зацвярджэння новай сям'і.
Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў, традыцыйнае беларускае вяселле падзяляецца на тры асноўныя часткі:
  • давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, сватанне, заручыны);
  • уласна-вясельную (вянкі, абрад выпякання і падзелу Каравая, пасад, шлюб і г.д);
  • паслявясельную — "цыганы" (пярэзвы).
Пярэзвамі гэты вясельны звычай называлі таму, што праз тыдзень пасля вяселля бацькі Маладой запрашалі, або перазывалі бацькоў Маладога, сватоў, хросных бацькоў і самых блізкіх сваякоў са свайго боку і з боку Маладога да сябе ў хату, каб завяршыць вяселле.
Адсюль становіцца зразумелай і другая назва гэтай бяседы — "цыганы", паколькі госці падчас вясельных святкаванняў як бы вандруюць па хатах.
Бацькі Маладога прыносілі з сабой лубянкі (каробкі, сплеценыя з кары ліпы — луба), напоўненыя пірагамі, мочаным макам з мёдам, аладкамі ў смятане, смажаніну.
Усё гэта разам з іншымі пачастункамі з'ядалася і запівалася напоямі. Пры гэтым спявалі:
У нас сягодня перазоў,
Сам Бог перайшоў,
З святой Тройцай, з Прачыстай,
З усімі святымі, з шчасцем і доляй.
Госці гулялі вельмі доўга і гаспадары прымалі іх як найлепей. Танцавалі мала, спявалі прыпеўкі, пазаабрадавыя песні. Старэйшыя вялі гутарку пра будучае жыццё маладой пары.
Лічылася, што Маладая ў гэты дзень развітваецца з бацькоўскай хатай. Яна па чарзе падыходзіла спачатку да бацькі, кланялася яму і прамаўляла: "Таткаў дамочак — божы куточак! Заставайся здаровы, жыві багата!" Далей кланялася мамцы і казала: "Мамчын дамочак — райскі куточак! Заставайся здарова, жыві шчасліва!" Цяпер вяселле лічылася завершаным.
 
 
Практычна ўсяму гэтаму я, на маё шчасце, і была сведкай. Асноўныя элементы традыцыйнага вяселля былі захаваныя, толькі ўсё было яшчэ цікавей, бо гасцей частавалі не толькі смачнымі стравамі, але і духоўнымі, культурнымі падзеямі.
Па-першае, пярэзвы адбываліся ў вёсцы Мілашова, дзе нарадзілася Маладая, падчас правядзення там пісьменніцай Аленай Масла традыцыйных "Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў" з прэзентацыяй музычнага кампакт-дыска "Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў".
Матэрыял для дыска быў запісаны амаль 50 год таму на Мёршчыне і зараз выдадзены музыкам Сяргеем Доўгушавым. Граў полацкі гурт "Варган", спявалі Юля Літвінава і Сяржук Доўгушаў. А яшчэ на сядзібе мілашоўцаў Стэфана і Юзэфы Масла адкрылася прыватная мастацкая галерэя "Пуня"!
Так-так, пуня — памяшканне для захавання сена, адмыслова пераробленая, ператварылася ў гэты дзень у мастацкую галерэю, дзе як найвышэйшы пачастунак вачам і сэрцу былі прадстаўлены работы Маладой — Крысціны Баранавай (Пержуковай) і вядомай беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай. Маладая і Малады дэманстравалі вясельныя строі ад Ларысы Мятлеўскай.
 
 
За сталом сядзела, смачна ела,
мёд, віно піла,
а ў роце суха было,
па барадзе цякло!
Вось вам рэцэпт традыцыйнай вясельнай стравы "Аладкі мучныя са смятанай і сырам".
Гэту старажытную абрадавую страву гатуюць і па сёння паўсюдна на Беларусі. Яе можна сустрэць не толькі на вясельным стале, але і на Радзінах, Дзядах, Калядах, Вялікадні.
Вясельныя аладкі абавязкова паліваюць салодкай смятанай, змяшанай з сырам. Падчас вяселля госці зычаць Маладым: "Вось вам сыру, каб мелі сына!"

Аладкі

4 шклянкі мукі, 0,5 шклянкі малака, 2 яйкі, 25 г дражджэй, 1,5 ст лыжкі цукру, 1 ст лыжка сметанковага масла, соль, алей для смажання.
У падагрэтым малацэ развесці дрожджы, усыпаць муку і замясіць цеста, даць яму падысці ў цёплым месцы. Пакласці яйкі, соль, цукар, сметанковае масла, вымесіць, даць цесту падняцца ў другі раз.
Не размешваючы, браць цеста змочанай у вадзе лыжкай, класці на гарачую патэльню з алеем і смажыць аладкі з абодвух бакоў.
Стужка навiн
0