МІНСК, 7 вер — Sputnik. Цёплае надвор'е захаваецца ў Беларусі ў бліжэйшыя дні: яго забяспечыць серыя антыцыклонаў, якія пройдуць па тэрыторыі краіны, паведаміў Sputnik у сераду начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Раней сіноптыкі паведамілі, што ў рэспубліцы пачалося бабіна лета: месцамі паветра днём прагрэецца да +27°С.
"Першы з серыі антыцыклон павольна перамяшчаецца на паўднёвы ўсход, ягоны пераемнік — паўночны скандынаўскі антыцыклон, ён дрэйфуе на паўднёвы ўсход, прыйдзе ў другой палове тыдня і створыць усе ўмовы для працягу бабінага лета", — сказаў Рабаў.
Ён таксама ўдакладніў, што на фоне гэтага ў бліжэйшыя два дні надвор'е будзе сонечным, ціхим і умерана цёплым: чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ў чацвер раніцай і днём месцамі па поўначы невялікія кароткачасовыя дажджы.
Уначы тэрмометры пакажуць +8…14°С, днём +18…24°С, па паўднёвым захадзе — да +27°С, у пятніцу захаваецца такая ж тэмпература.
"У выходныя пацяпленне працягнецца: па-ранейшаму без ападкаў, тэмпература ўдзень складзе +20…26°С, па паўднёвым захадзе — да +29°С", — сказаў Рабаў.
У нядзелю, паводле слоў спецыяліста, будзе ўсё гэтак жа цёпла: днём паветра прагрэецца да +20…27°С, у паўднёвых рэгіёнах — да +29°С.