МІНСК, 22 вер — Sputnik. Беларускія паралімпійцы, у тым ліку самы тытулаваны спартсмен мінулай Паралімпіяды-2016 Ігар Бокій, вярнуліся на радзіму, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
Самалёт з атлетамі, які выконваў рэйс з Франкфурта, прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск з затрымкай амаль у паўгадзіны — а 20:52. Сустрэча спартсменаў была арганізавана ва ўрадавым сектары. Акрамя спартыўных чыноўнікаў, паралімпійцаў віталі родныя і блізкія, сябры і заўзятары.
"Дарагія паралімпійцы, сардэчна запрашаем на родную зямлю", — сустрэў спартсменаў міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко.
"Гэта сапраўды годны вынік. Зараз я б хацеў сказаць вам словы ўдзячнасці, вы паказалі вынік, гэта мужны ўчынак. Вы не адзін алімпійскі цыкл ішлі да гэтага, а нават дзесяцігоддзе", — дадаў кіраўнік Мінспорту.
Пасля кіраўнік ведамства зачытаў віншаванні ад прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
"Уражанні вельмі прыемныя, дзякуй маім трэнерам, гэта іх заслуга, а мая — нязначная. Мы старанна рыхтаваліся", — сказаў у сваю чаргу герой Паралімпіяды Ігар Бокій.
Ён адзначыў, што самым складаным было аднаўляць сілы пасля спаборніцтваў.
"Я не чакаў такой колькасці медалёў, улічваючы тое, што мы ехалі ў Рыа з планамі выступіць не горш, чым у Лондане (у 2012 годзе — Sputnik)", — дадаў паралімпіец.
"Ніякіх змяненняў за сабой, што я 11-разовы чэмпіён, не назіраю. Толькі па вашай прысутнасці тут разумею, што я чэмпіён", — сціпла заўважыў Бокій, сказаўшы пры гэтым, што не чакаў такой колькасці сустракаючых у аэрапорце.
"Мы ўсе вельмі прыемна здзіўлены. Прыемна, што нас ведае і любіць такая вялікая колькасць людзей", — дадаў спартсмен.
На Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра беларуская каманда заваявала дзесяць медалёў, у тым ліку восем залатых і дзве бронзавыя ўзнагароды — вынікам стала 19 месца ў медальным заліку. Героем Гульняў стаў бабруйчанін Ігар Бокій, які ўзяў сем медалёў (шэсць залатых і адзін бронзавы). Акрамя таго, у яго на рахунку два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў. Па выніках двух Паралімпіяд у ондане і Рыа ў Бокія ўжо 13 медалёў.
Чэмпіёнамі таксама сталі плывец Уладзімір Ізотаў і Андрэй Праневіч (фехтаванне на калясках). Бронза ў кіданні дзіды — у Аляксандра Трыпуця.
Беларусы ўвайшлі ў гісторыю Паралімпіяды не толькі сваімі дасягненнямі, але і сяброўскім учынкам у адносінах да дыскваліфікаваных расіян. Прадстаўнік Мінспорту Андрэй Фомачкін вырашыў пранесці расійскі сцяг на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у знак падтрымкі расійскіх спартоўцаў, яму ўдалося прайсці каля чвэрці круга па стадыёне "Маракана" на цырымоніі адкрыцця, перш чым сцяг быў канфіскаваны.
Пасля IPC ануляваў акрэдытацыю Фомачкіна. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў выказаў захапленне ўчынкам Фомачкіна, заявіўшы, што Масква "высока цэніць такую праяву салідарнасці з нашымі паралімпійцамі, якія цалкам незаслужана і несправядліва былі пазбаўленыя магчымасці выступаць на Паралімпіядзе".