Артур Вадалазкін, спецыяльна для Sputnik.
Першыя выходныя кастрычніка будуць цёплымі: сіноптыкі абяцаюць 18-22 градуса цяпла. Вядома, у такое надвор'е лепш за ўсё надаць увагу сям'і і сябрам: пагуляць з імі па парках або выехаць за горад на апошнія ў годзе шашлыкі. Але калі раптам вы любіце больш актыўны і пазнавальных адпачынак — чытайце афішу самых цікавых падзей выходных у Мінску паводле версіі Sputnik.
Дзень азербайджанскай культуры
Назвалі чарговую нацыянальную вечарыну ў Верхнім горадзе "Святам граната". Не ўпэўненыя, што вы там абавязкова паспрабуеце гэтыя салодкія плады. Але даведацца шмат новага пра культуру і традыцыі Азербайджана дакладна атрымаецца.
У праграме "Свята граната" — танцы, выступленні вакалістаў, майстар-класы па кулінарыі, выцісканне гранатавага соку, спартыўныя спаборніцтвы і многае іншае. Пачнецца свята ў Верхнім горадзе 1 кастрычніка (субота) у 12:00. Уваход, як заўсёды, бясплатны.
Беларускае нацыянальнае свята
Магчымасць не толькі адпачыць, але і бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай — далучыцца да святкавання Багача. Ён у народным календары быў прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю — гэтакі папярэднік "Дажынак".
У рамках свята правядуць абрад на захаванне дабрабыту, сямейнага агменю і ўраджаю — для гэтага з сабой прыхопіце жменю збожжа. Акрамя гэтага, у рамках падзеі будуць песні, танцы і ўсё, што мы так любім.
Пройдзе Багач у Вязынцы 1 кастрычніка (субота). Туды проста даехаць на электрычцы з Мінска. Уваход — ад аднаго да двух рублёў. Пачатак а 13:00.
Зробім: уборка парку
Сусветная акцыя па ўборцы "Зробім!" пройдзе ў Мінску не ў першы раз. Сёлета актывісты хочуць навесці парадак у парку "Срэбны лог", які размешчаны ў Серабранцы. З сабой нічога везці не трэба — арганізатары выдадуць пальчаткі і пакеты.
Эка-актывісты называюць "Срэбны лог" унікальным месцам для Мінска — тут сабрана мноства прадстаўнікоў флоры і фауны. Перад уборкай эксперты кампаніі "Гарадскі ляснічы" правядуць па парку экскурсію.
Пройдзе акцыя ў суботу 1 кастрычніка. Месца сустрэчы — галоўны ўваход у Лошыцкі парк. Час — а 12:00.
Мультымедыйны праект па кнізе Артура Клінава
У аснову выставачна-мультымедыйнага праект "Беларусь 04:33. Горад сонца кропка нуль" праекта легла кніга беларускага мастака і пісьменніка Артура Клінава, які мае свой погляд і на гісторыю, і на сучаснасць беларускай сталіцы.
Гэта варта ўбачыць хоць бы таму, што потым уся прагрэсіўная грамадскасць будзе абмяркоўваць "Беларусь 04:33. Горад сонца кропка нуль" у Facebook, і вам трэба быць гатовымі падтрымаць гутарку. Ну а калі сур'ёзна, то аўтары праекту Таня Арцімовіч і Антон Сарокін паставіліся да яго з усёй адказнасцю, і ўбачыць яго будзе і карысна, і прыемна для вачэй.
Падзея пройдзе ў суботу 1 кастрычніка на пляцоўцы "Корпуса 8". Пачатак — у 20:30, квіткі па 17 рублёў.
Фільм пра ўкраінскае кіно
Украінскі кінастыль вельмі адрозніваецца ад беларускага — тут і свае школы, і свае прынцыпы. Пазнаёміцца з імі можна дзякуючы фільму "Звенігара", які стаў першай яркай ілюстрацыяй украінскіх асаблівасцяў "найважнейшага з мастацтваў".
Кінаманам ісці на гэты паказ — абавязкова. Паказваць стужку "Звенігара" будуць у нядзелю 2 верасня ў галерэі "Ў". Пачатак — а 19:00, уваход бясплатны.
Не прапусціце — важныя дні
У суботу свет будзе святкаваць Дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды пройдуць розныя акцыі і ў Беларусі: напрыклад, у Пінску пенсіянеры змогуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам, а ў Мінску і некалькіх іншых гарадах універмагі зробяць для віноўнікаў свята зніжкі.
Адзначаць у суботу і Міжнародны дзень музыкі — зрэшты, асаблівых мерапрыемстваў у гонар гэтага не плануецца.
У нядзелю Фінляндыя будзе святкаваць Дзень селядца — вы такое ж свята можаце зладзіць у сябе дома.
Ну, а ў краінах СНД 2 кастрычніка — Дзень прафтэхадукацыі, з якім трэба павіншаваць усіх прыналежных да яе.