МІНСК, 1 кас — Sputnik. Спрыяльнае надвор'е ў верасні дазволіла паспяхова пачаць сезон збору журавін — адной з самых карысных і любімых многімі балотнай ягады.
Сезон збору журавін стартаваў 3 верасня, калі афіцыйна было дазволена збіраць і нарыхтоўваць ягаду, аднак толькі да канца месяца журавіны запоўнілi рынкі, кірмашы, месцы сезоннага гандлю.
Сярэдняя цана ягады за кілаграм — 3 рублі 40 капеек, прыватнікі прадаюць даражэй — кошт за літровы слоік на Камароўскім рынку ў Мінску 4 рублі 20 капеек.
У сезон ва ўрадлівых багністых месцах за дзень людзі збіраюць да тоны карыснага прадукту. Напрыклад, за першыя два тыдні раённыя спажыўкааперацыі Мінскай вобласці паспелі нарыхтаваць 20 тон вітамінавага прадукту. Лідзіруе Салігорскі раён, які ўжо сабраў 9 тон, больш за дзве тоны на рахунку ў Лагойскага і Вілейскага раёнаў. Кошт за літр сабранай ягады ў нарыхтоўчых пунктах — 2 рублі 20 капеек.
У гэты час ягада самая спелая і багатая на вітаміны А, С і Е. Наогул, гэта ўнікальная ягада, якая змяшчае натуральныя антыбіётыкі і прабіётыкі, з'яўляецца выдатнай крыніцай антыаксідантаў, арганічных кіслот, селену, марганцу і медзі. Журавіны валодаюць звязальнымі, супрацьзапаленчымі, антысептычнымі, мачагоннымі і дэтаксікацыйнымі ўласцівасцямі.