У Гродзенскім раёне 1-2 кастрычніка прайшоў фінальны, трэці этап чэмпіянату Беларусі па ралі-рэйдам Баха "Заходні рубеж". Удзел у гонцы ўзялі каля 20 экіпажаў з усёй краіны. Галоўная асаблівасць гэтай гонкі — на яе прыехалі тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта". Менавіта гэтыя машыны ўдзельнічалі ў сусветных ралі-марафонах "Дакар" і "Шаўковы шлях". Гонкі з іх удзелам — адны з самых відовішчных.
"У МАЗаў добрая тэхнічная падрыхтоўка, добры досвед. Яны хутчэй праходзяць гонкі па бездаражы і задаюць высокую планку астатнім удзельнікам. Нашы спартсмены паказваюць добры вынік. Напрыклад, адставанне ад экіпажа МАЗ — усяго пару хвілін", — распавёў адзін з арганізатараў ралі-рэйду Андрэй Шэстапалаў у канцы першага дня спаборніцтваў.
Гонкі праходзілі ў дзвюх катэгорыях — "Спорт", у якой удзельнічалі прафесіяналы на спецыяльна падрыхтаваных машынах, і "Рэйд" — для тых, хто ездзіў на неспартыўных машынах.
Як адзначыў Шэстапалаў, траса пад Гродна вельмі складаная. Яна праходзіць уздоўж Гожскага палігона і часткова чапляе яго мяжы. У некаторых месцах тут праязджала гусенічная ваенная тэхніка і разрыла дарогі проста да непазнавальнага стану.
Удзельнікі спаборніцтваў загадзя не даследавалі трасу. Для іх арганізатары падрыхтавалі дарожную кнігу, у якой прапісаны маршрут і ўсе больш-менш небяспечныя месцы — ямы, трампліны, канавы. Азначана ступень іх складанасці.
Кожнаму экіпажу трэба было праехаць трасу даўжынёй 34 кіламетры. Удзельнікі катэгорыі "Спорт", у тым ліку і МАЗы, праходзілі яе на хуткасць. Удзельнікі катэгорыі "Рэйд" у сярэднім павінны былі ехаць не хутчэй, чым 80 км/г. Для іх трасу падзялілі на наколькі ўчасткаў, давёўшы час, за які яны павінны прайсці кожны з іх.