МІНСК, 5 кас — Sputnik. Няўстойлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў сераду 5 кастрычніка: па ўсёй тэрыторыі краіны будзе моцны вецер і пройдуць дажджы, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Напярэдадні сіноптыкі абвясцілі ў рэспубліцы аранжавы ўзровень небяспекі праз дрэннае надвор'е.
"Будзе воблачна, на большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы, па паўднёвай палове — моцныя. Вецер паўночна-заходні моцны парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе +9..+14°С", — сказалі ў Гідрамеце. Сіноптыкі таксама паведамілі, што па паўднёвым усходзе краіны будзе крыху цяплей: там паветра днём прагрэецца да +16°С.
Паводле дадзеных Гідрамета, у Мінску ў сераду дождж з моцным парывістым ветрам, а максімальная тэмпература паветра складзе +10..+12°С. Пры гэтым атмасферны ціск істотна не зменіцца.