МІНСК, 10 кас — Sputnik. Чарговае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ) адбудзецца ў Мінску восенню 2017 года, рашэнне аб гэтым было прынята ў Манака, дзе сабраліся еўрапейскія біскупы.
У Манака, дзе з 6 па 9 кастрычніка прайшло пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ), было названа месца правядзення наступнага пасяджэння РБКЕ. У манакскім форуме браў удзел кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.
"Сталіцай наступнага пленарнага пасяджэння РБКЕ быў абвешчаны Мінск, які прыме ў сябе каталіцкіх біскупаў Еўропы з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 года", — паведаміў сайт РКЦ у Беларусі. Выступаючы ў Манака, Кандрусевіч адзначыў, што Каталіцкая царква ў Беларусі зробіць усё магчымае, каб наступнае пленарнае пасяджэнне РБКЕ было арганізавана на лепшым узроўні і прынесла добры плён.
"Беларускі народ талерантны адносна розных нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта вялікае багацце нашай краіны, якое мы павінны захаваць для будучых пакаленняў", — сказаў арцыбіскуп.
У гэтым пытанні беларускі іерарх аддаў належнае і свецкай уладзе, якая "садзейнічае мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі".
Асобна іерарх падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва каталіцкай царквы ў Беларусі з Праваслаўнай царквой.
"Разам з Праваслаўнай царквой і прадстаўнікамі іншых пратэстанцкіх канфесій мы кожны год праводзім экуменічную сустрэчу падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Каталікі, праваслаўныя і лютэране з'яўляюцца членамі Міжнароднай групы прымірэння паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Германіяй", — сказаў Кандрусевіч.