Восень, макрота – дзецюкам жаніцца ахвота: час засылаць сватоў
12:00 10.10.2016 (абноўлена: 11:20 11.10.2016)
© Photo : Міхася і Кацярыны АракчэевыхШаптанне са сватам
© Photo : Міхася і Кацярыны Аракчэевых
Падпісацца
Цяперашнім светам ніхто не трымаецца старых звычаяў, асабліва калі надумаюць жаніцца. Бывае і вяселля не ладзяць, а так, вечарыну.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Хор спяваючых жанчын, свата і сваццю, якія даўней кіравалі абрадам, падмяняе тамада. Грузінскае "тамада", з'явіўшаеся за савецкім часам, цяпер цяжка вывесці з абіходу. А шкада, у кожнага народа ёсць свае, вякамі адпрацаваныя вясельныя традыцыі, найбагацейшыя яны і ў беларусаў.
Яшчэ каля ста гадоў таму развод быў з'явай даволі рэдкай і павінны быў мець вельмі сур'ёзныя прычыны. Да шлюбу ставіліся так: "Жаніцьба ёсць — разжаніцьбы няма". Таму падыход да вяселля — найсур'ёзнейшая справа для ўсёй сям'і.
9 кастрычніка па народнаму календару адзначылі прысвятак Івана Багаслова (Богуслава). Царква прысвячае гэты дзень памяці аднаго з 12 апосталаў, аўтара Евангелля ад Іаанна. Менавіта яго Ісус Хрыстос, калі быў на крыжы, прасіў апекаваць яго маці, Дзеву Марыю.
У народнай традыцыі прысвятак мае яшчэ некалькі назваў, якія адпавядаюць звычаям гэтага месяца: Іван Пакроўны, Іван Журавіннік, Іван Кураед, Іван Шаптун.
Іван Багаслоў
Па прысвятку раней арыентаваліся ў заканчэнні сяўбы азімых. Казалі, хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты Божага слова.
Пасля завяршэння іншых палявых работ пачыналі вяселлі. У Брэсцкай вобласці на Драгічыншчыне і цяпер кажуць: "Богаслаў сваты разаслаў".
Іван Пакроўны
У дзень "Благаслова" зямля атрымлівае нябеснае благаслаўленне за прынесеныя дары. Благаслаўленне даецца ёй таксама на маючы быць спакой да вясны.
У Лельчыцкім раёне гавораць: "Іван Пакроўны перад Пакровамі ходзіць".
Іван Журавіннік
У некаторых раёнах беларусі пачынаўся масавы збор журавін.
Іван Шаптун
Калісьці, пачынаючы з гэтага дня свахі сакрэтна шапталіся з жаніхамі пра нявест, каб найхутчэй засылаць па пэўных адрасах сватоў. Лічылася, што самы спрыяльны для шлюбу перыяд — паміж Пакровамі і першай нядзеляй каляднага посту. Гэты час для правядзення вяселляў быў абраны сялянамі таму, што сабраны багаты ўраджай, наяўнасць адкормленай на мяса жывёлы і птушкі дазвалялі багата і шчодра абставіць бяседны стол, спадзеючыся, што гэткае ж багацце будзе і ў доме маладых.
Ах, восень, восень!
Сватоў па восем,
А ка мне ніводнага!..
Ай, восень, макрота,
Дзецюкам жаніцца ахвота…
Чакаем свата па чацвяргах і суботах
Калісьці акурат у гэтую пару дзяўчаты, якія думалі аб сваёй долі, былі асабліва рухавыя і неспакойныя. Яны больш старанна чым у іншы час даглядаліся каля хаты, наводзілі ідэальны парадак і чысціню. Асабліва гэта рабілі па чацвяргах і суботах, паколькі менавіта ў гэтыя дні прыязджаў сват.
Што рабіла ў хаце дзяўчына на выдані
Старанна шаравала стол, лавы, паліцы, усё кухоннае начынне, падмятала хату некалькі разоў.
На сябе апранала танчэйшую, чым звычайна, чыстую бялізну, белую спаднічку, такі ж фартушок, на галаву завязвала хустачку, з-пад якой звісала каса, заплеценая звычайна ружовай стужачкай. Усё гэта ўбранне, над якім так шчыравала дзяўчына, павінна было быць разам з тым будзённым і неадметным. (Такой дзяўчыну пабачыў фалькларыст і этнограф Яўстафі Тышкевіч у 19 ст.)
Гістарычная даведка
20-ці гадовы юнак і 17-ці гадовая дзяўчына ўжо мелі права браць шлюб, калі гэта не пярэчыла волі бацькоў. Жаніцьба па любові без бацькоўскага блаславення грамадствам лічылася грахом. Пра жаніцьбу па каханні можна было пачуць толькі ў дзявочых песнях. Жанілі сыноў і аддавалі замуж дачок па старшынстве, па чарзе.
Беларускае традыцыйнае вяселле — як у даўніну, так і цяпер — складаецца з трох асноўных частак: давясельную, вясельную і паслявясельную.
Адзін з давясельных абрадаў — заручыны, якраз і адбываўся ў сярэдзіне кастрычніка.
Пасля таго, як свашкі ўжо пашапталіся з будучымі жаніхамі, эстафета перадавалася свату, які прыязджаў да бацькоў абранай дзяўчыны для першай гутаркі аб мяркуемым вяселлі.
Даведка
Найважнейшымі асобамі на вясельнай урачыстасці з'яўляюцца сваты, якіх запрашала сям'я маладога: яны рэкамендуюць маладога бацькам нявесты, дамаўляюцца, калі і як гуляць вяселле, вызначаюць з імі (у залежнасці ад заможнасці) велічыню пасагу, мяркуюць аб уладкаванні будучай сям'і. Сват і свацця актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні самога вясельнага абрада. Асаблівая іх роля ў падзеле караваю на вяселлі.
Які павінны быць сват
Выбіралі за свата гаспадара гадоў 40, бо маладзейшы не меў бы належнага аўтарытэту і паважанасці, а стары чалавек не здолеў бы выканаць абавязкі, якія патрабавала такая пасада, што вымагала энергічных дзеянняў. Гэты гаспадар павінны быў быць заможны, цвярозы, а да таго ж дасціпны і гаваркі. Такой павінна была быць і свацця.
З перадвясельнай гутаркі паміж сватам і бацькамі маладой: "Сядзь у нас, суседзе, дома госць будзеш".
"Дзякуй, сядзелі дома, але што з таго будзе?
Наш бык да вашай цялушкі прывык,
Каб даў Бог даждаці
Вашую цялушку да нашага быка загнаці".
Абрадавыя стравы на заручынах: гарэлка, хлеб, яечня, курыца.
Далей гутарка працягвалася, і калі дзяўчына давала згоду на шлюб, то сват выстаўляў на стол прывезеную з сабой гарэлку, хутка з'яўляліся чаркі, хлеб і яечня. Часта замест яечні частавалі курацінай — адкуль з'явілася назва прысвятка Іван Кураед. Яечняй частаваліся толькі сват, бацькі нарачонай, яна сама і яе сяброўка. Пасля яечні гаспадыня абкручвала пляшку даматканым палатном і аддавала яе свату, які, развітаўшыся, ад'язджаў да сябе. На гэтым сканчваліся заручыны — або першыя, малыя запоіны.
Дарэчы, заручыны яшчэ не вымушалі абавязкова стрымаць дадзенае слова. Калі бацькі або маладая пасля іх раздумалі да канца давесці жаніцьбу, яны павінны былі толькі напрацягу тыдня заплаціць свату за гарэлку. Гэты доўг лічыўся свяшчэнным і аніяк не мог быць затрыманы.
Зусім іншая справа былі вялікія запоіны, пасля якіх усё было скончана і адмовіцца ўжо ў ніякім разе было нельга — як пасля вельмі ўрачыстай прысягі.
Чытаць этнаграфічную літаратуру, у якой апісваюцца нашы вясельныя звычаі, надзвычай цікава. Часам незразумела, часам смешна.
Смешна ўяўляць сабе паводзіны свашак, маладой дзяўчыны, іх бацькоў, прымушае ўсміхацца сакавітая мова тых часоў. Не зразумела таму, што занадта мы адарваліся ад нашых продкаў. Цяжка зразумець нам, цяперашнім, думкі і ўчынкі не толькі прадзедаў, але і больш позніх пакаленняў — дзядоў, бацькоў. Думаеш, вось, сілком бацькі дзяцей жанілі… Зразумела, што бачыш са сваёй званніцы толькі адзін бок медалю. А як яно было насамрэч? Суцяшае толькі адно: каб іх бацькі не жанілі, то і нас не было б!
У апошнія дзесяцігоддзі духоўны досвед нашых продкаў усё часцей нагадвае пра сябе. Гэта праяўляецца ў цікаўнасці моладзі да свайго. Ужо не дзіва вяселлі з выкарыстаннем народных традыцый. Распрацоўваюць адмысловыя вясельныя абрады работнікі культуры, гаспадары аграсядзіб.
Так, у Моталі для сапраўднай вясельнай пары праводзяць Каравайны абрад, які адбываецца ў звычайнай вясковай хаце, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту таксама вось ужо дзесяцігоддзе прапаноўваюць паслугу па правядзенню вясельнай экскурсіі, не адстаюць і другія рэгіёны рэспублікі. Моладзь апранаецца ў нацыянальныя строі, бацькі сустракаюць маладых з хлебам-соллю, выпякаюць каравай, гучыць вясельная народная музыка і спевы. Карацей — радасна сэрцу!
Не сумнага вам кастрычніка і — свата ў хату!