Новыя нормы працоўнага часу: ці будзем менш працаваць у 2017 годзе?

© Photo : ГПО "Белэнерго"Работа энергетыкаў на электрасетках
Работа энергетыкаў на электрасетках - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Sputnik разабраўся, каго тычыцца пастанова Мінпрацы аб новым нарматыве працоўнага часу, чаму колькасць працоўных гадзін зменшылася і як працоўны час звязаны з уздымамі і спадамi ў эканоміцы.

Алена Альшанская, Sputnik.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі ўстанавіла разліковыя нормы працоўнага часу на наступны год: у 2017 годзе гэты нарматыў будзе адным з самых нізкіх за апошнія некалькі гадоў.

Для пяцідзённага працоўнага тыдня з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю норма ў наступным годзе будзе складаць не больш за 2019 гадзін, а для шасцідзённага працоўнага тыдня з выходным у нядзелю — не больш за 2021 гадзіны.

У параўнанні з гэтым годам норма знізілася (2038 і 2044 гадзін адпаведна — Sputnik), аднак застаецца вышэйшай, чым была ў 2013 і 2014 гадах.

Што такое разліковая норма працоўнага часу?

Мінпрацы і сацабароны ўсталёўвае разліковую норму штогод у адпаведнасці з артыкулам 124 Працоўнага кодэкса Беларусі. Прымаецца дадзеная норма працадаўцамі для вызначэння колькасці работнікаў, працягласці працоўнага часу, складання графікаў і кантролю захавання нормаў працягласці працоўнага дня.

Норма — гэта максімум, больш якога работнік не можа быць заняты. Гэта значыць наймальнік не мае права патрабаваць ад яго выканання працоўных абавязкаў за ўсталяваную аплату.

Як разлічваюць норму працоўнага часу?

Пры вызначэнні нарматыву Мінпрацы ўлічвае гадзінную тарыфную стаўку. Акрамя таго, розная колькасць працоўных гадзін усталёўваецца для пяцідзённага і шасцідзённага працоўнага тыдня.

Па нарматывах, для пяцідзённага працоўнага тыдня з панядзелка па пятніцу велічыня працоўнага дня павінна складаць 8 гадзін, субота і нядзеля лічацца выходнымі днямі.

У паліклініцы - Sputnik Беларусь
Змяніліся разліковыя нормы працоўнага часу: што гэта значыць?

Пры шасцідзённым працоўным тыдні сярэдняя працягласць працоўнага дня не павінна перавышаць 7 гадзін, у суботу — 5 гадзін, нядзеля з'яўляецца выходным днём.

Пры падсумаваным улiку працоўнага часу працягласць працоўнага дня або працоўнай змены можа складаць 10 або 12 гадзін.

Калі прымяняюць гэты нарматыў?

Як указваецца ў тлумачэнні Мінпрацы аб парадку вызначэння разліковай нормы працоўнага часу, разліковая норма працоўнага часу ўжываецца ў арганізацыях пры зменным рэжыме працоўнага часу, а таксама пры падсумаваным улiку працоўнага часу.

Калі ў арганізацыі ўстаноўлены пяцідзённы працоўны тыдзень, але выходнымі днямі лічацца не субота і нядзеля (або нядзеля пры "шасцідзёнцы"), разліковая норма не ўжываецца.

Чаму ў 2017 годзе працаваць будзем менш?

Эксперты ў галіне нарміравання працы растлумачылі Sputnik, што выходныя дні на 2017 год урадам яшчэ не вызначаны. Аднак, як можна бачыць з календара, у наступным годзе шматлікія дзяржаўныя святы прыпадаюць на буднія дні. У 2016 годзе некаторыя святы супадалі з выходнымі днямі і, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, не кампенсаваліся.

"Атрымліваецца, што ў 2017 годзе не працоўных дзён будзе больш. Таму разліковыя нормы працоўнага часу адлюстроўваюць тую агульную колькасць часу, якую павінны адпрацаваць грамадзяне, якія маюць зменны рэжым працы. Фактычна яна павінна супадаць з той колькасцю працоўнага часу, які будзе вызначаны для грамадзян, якія працуюць па пяцідзённаму працоўнаму тыдню і з выходнымі ў суботу і нядзелю", — растлумачылі эксперты.

Нормы і эканоміка

Sputnik прааналізаваў колькасць працоўнага часу за апошнія сем гадоў. Цікава, што гады, у якія колькасць працоўных гадзін пры пяцідзённым працоўным тыдні было самым вялікім, сталі гадамі эканамічнага ўздыму.

Так, у 2010 годзе, які запомніўся беларусам як "залаты" — год прэзідэнцкіх выбараў, калі ажыццяўлялася "напампоўка" эканомікі грашыма, былі танныя крэдыты на жыллё, а заробкі дасягнулі абяцаных 500 долараў у эквіваленце, — норма працоўнага часу была самай высокай (2050 гадзін).

У 2011 годзе колькасць працоўных гадзін істотна знізілася, і грымнуў першы сістэмны фінансава-эканамічны крызіс. Адносна невялікай была колькасць працоўных гадзін і ў 2015 годзе, які таксама стаў годам валютнага крызісу.

У 2016 годзе эканоміка Беларусі спрабуе пераадолець рэцэсію, і колькасць працоўных гадзін адна з самых вялікіх.

Стужка навiн
0