МІНСК, 19 кас — Sputnik. Нетыповыя пажаданні па кветках у беларусаў бываюць, але не часта — у асноўным пакупнікі аддаюць перавагу "кветкавай класіцы", распавяла Sputnik фларыст Лора Белабровік.
Увосень у асартыменце фларыстаў і ў кветкавых крамах ёсць і звыклыя расліны: ружы, гваздзікі, лілеі і іншыя. Але да іх дадаюцца і тыповыя для восені кветкі — зрэшты, яны карыстаюцца добрым попытам.
"Гэта хрызантэмы, герберы, мантбрэцыі, цыніі, рудбекіі, астры, гладыёлусы, аксаміткі, вяргіні, седумы, сухацветы, дрэвагубец, рабіна", — распавяла фларыст.
Паводле словаў суразмоўцы Sputnik, таксама папулярныя травы і ягады. Яна адзначыла: бываюць і нейкія арыгінальныя заказы, але даволі рэдка.
"Арт-работы патрабуюць асаблівага падыходу, часу і ведаў. Таму такія кампазіцыі і каштуюць даражэй — не кожны можа сабе дазволіць", — прызнала Белабровік і дадала, што індывідуальны падыход пакупнікі выбіраюць усё часцей.