МІНСК, 24 кас — Sputnik. Сіноптыкі паабяцалі на тыдні складаныя ўмовы надвор'я, месцамі на дарогах чакаецца галалёд, паведамілі ў Гідрамеце.
"Чакаецца вельмі няўстойлівае надвор'е. Найбольш складаныя ўмовы надвор'я чакаюцца ў першай палове тыдня, і гэта звязана з актыўным цыклонам, які будзе праходзіць уздоўж нашых паўночна-заходніх межаў", — паведаміў у панядзелак Sputnik начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Паводле яго слоў, на аўторак абвешчана штармавое папярэджанне. "На большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаецца ўзмацненне паўднёва-ўсходняга ветру парывамі 15-18 м/с, раніцай і днём па паўночна-заходняй палове — моцныя ападкі", — распавёў ён і растлумачыў, што гэта адпавядае аранжаваму ўзроўню небяспекі.
У гэты дзень чакаюцца дажджы, у асобных раёнах мокры снег. "Тэмпература ўначы —1..+4°С, удзень +1..+7°С; у паўднёва-заходніх раёнах уначы +5..+8°С, днём +8..+13°С", — сказаў Рабаў.
У Мінску ў аўторак чакаюцца дажджы, ноччу і раніцай з мокрым снегам. Днём часам — моцны дождж. Вецер паўднёва-ўсходні 6-11 м/с, ноччу парывы да 14 м/с, раніцай і днём парывы 15-18 м/с. Тэмпература ўначы складзе +1..+3°С, днём +3..+5°С.
У сераду на большай частцы тэрыторыі — дождж, па ўсходзе з мокрым снегам.
"Па ўсходняй палове моцныя ападкі, слабы галалёд, ноччу і раніцай ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература на працягу сутак —1..+6°С, днём па паўднёвым захадзе +7..+9°С", — адзначыў Рабаў.
У чацвер з ростам атмасфернага ціску надвор'е ненадоўга супакоіцца: ноччу па паўднёвым усходзе, днём у асобных раёнах кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман, слабы галалёд. Тэмпература ноччу —4..+2°С, днём 0..+7°С, паведаміў сіноптык.
"З пятніцы і да канца тыдня ўладу над надвор'ем возьме чарговы цыклон з цэнтрам над Скандынавіяй, праз нашу краіну будуць праходзіць звязаныя з ім атмасферныя франты", — распавёў Рабаў. Паводле яго слоў, у пятніцу ноччу па паўночным захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі — ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы галалёд. Тэмпература ўначы будзе —5..+2°С, днём +1..+6°С, па захадзе да +8°С.
"На выходных на большай частцы тэрыторыі дажджы, па паўночным усходзе з мокрым снегам. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд. Тэмпература ўначы —2..+5°С, днём +2..+9°С", — сказаў сіноптык.