Дзмітрый Босак, Sputnik.
"Нашы хлопцы атрымліваюць гарантаваную зарплату. Ёсць майстэрні, у якія проста прыходзяць займацца — гэта больш працатэрапія, гурткі. Мы перад сабой ставім такую мэту, каб хаця б мінімальную зарплату хлопцы маглі атрымліваць. Калі мы гэтага не можам забяспечыць, тады, уласна кажучы, навошта нам гэта рабіць?" — пачаў размову дырэктар "Цэнтра маладзёжнай ініцыятывы" і майстэрні "КерамАРТ" Васіль Барысаў.
Ён і старшыня брэсцкага абласнога моладзевага грамадскага аб'яднання "Інвалід і асяроддзе" Іван Шмыга 11 гадоў таму адкрылі майстэрню, якая за гэты час стала канкурэнтаздольнай на рынку беларускай сувенірнай прадукцыі. Яна дае магчымасць забяспечыць і рэалізаваць сябе, знайсці сваё месца ў грамадстве людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Малое прадпрыемства выпускае больш за 50 найменняў прадукцыі, якую заказваюць у розных кутках краіны. Сёння ў майстэрні працуюць сем работнікаў з I, II і III групамі інваліднасці.
"Калі вы не будзеце гэтым займацца, лепш бы нас не збіралі"
Да стварэння майстэрні Васіль Барысаў займаўся развіццём маладзёжнага турызму, але з-за яго незапатрабаванасці на ўнутраным рынку ў 1990-х справу давялося спыніць. У 1996 годзе Васіль сабраў першую групу людзей з інваліднасцю для ўдзелу ў рэабілітацыйным дзесяцідзённым велапрабегу.
На той час будучы дырэктар майстэрні не чуў пра спецыялізаваны турызм для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён знайшоў фінансаванне для велапаходаў, але аказалася вельмі цяжка знайсці і сабраць удзельнікаў — літаральна "даводзілася выцягваць з дома".
"Тады кімсьці было сказана ля вогнішча: "Калі вы далей не будзеце гэтым займацца, то вы зрабілі вельмі дрэнную справу тым, што нас сабралі. Змірыцца з тым, што ў нас больш такога шанцу сустрэцца не будзе, немагчыма. Лепш бы вы наогул нас не збіралі". Мяне закранулі гэтыя словы", — распавёў суразмоўца Sputnik. З тых часоў велапаходы для інвалідаў сталі рэгулярнымі.
Мара і рэальнасць
За час працы з інвалідамі ў "Цэнтра" з'явілася мноства замежных партнёраў. Аднойчы Васіля запрасілі ў Англію. Там ён натхніўся працай керамічнай майстэрні, яе прыклад доўга не выходзіў у яго з галавы.
"Жанчына, якая яе арганізавала, была шчыра зацікаўлена. Я думаў, як я зраблю гіпсавыя формы, дзе. А яна прапанавала нам старыя са сваёй майстэрні. З Англіі везці самалётам гіпсавыя формы… Яны ж цяжкія, па-першае. Па-другое, якія пытанні гэта выкліча на мытні? Тым не менш мы рызыкнулі. Гэта канец дзевяностых. Людзі ў аэрапорце везлі апаратуру нейкую, а мы проста старыя кавалкі гіпсу. у нашай мытні быў шок. Мы іх прывезлі, паспрабавалі займацца — спадабалася", — падзяліўся гісторыяй стварэння прадпрыемства заснавальнік.
Пасля прыезду ў Беларусь Васілю з нуля трэба было стварыць майстэрню і наладзіць у ёй працу. Адукацыя ў яго будаўнічая, але нюансам працы з керамікай давялося вучыцца.
"У нас усе прадпрыемствы вельмі закрытыя. Навучыцца чамусьці складана. Я прыйшоў у адно, пытаюся, як і што. На мяне глядзелі, як на шпіёна", — згадвае ён першыя крокі.
Для таго каб увасобіць убачанае ў Англіі тут, была неабходная матэрыяльная падтрымка.
"Першы год нам аплачваў арэнду памяшкання Сусветны банк. Практычна ўсё абсталяванне для стварэння працоўных месцаў інвалідаў мы закупілі праз Упраўленне па працы і сацыяльнай абароне гарвыканкама. Дзяржаўная падтрымка на пачатковым этапе была беспрэцэдэнтная. І без гэтага немагчыма было стварыць такое прадпрыемства. Гэта было толькі на пачатку, а потым сказалі — давайце самі", — дзеліцца ўспамінамі Васіль.
"Людзі зусім не працуюць, хоць маглі б"
Стварыць прадпрыемства і ўкамплектаваць яго абсталяваннем сталася самым простым. Складанасці пачаліся, калі пайшоў працэс арганізацыі працы.
"Праблема не столькі ў адсутнасці кваліфікацыі работнікаў. Асноўная праблема ў людзей у галаве. Чалавек можа быць у калясцы, але рукі пры гэтым здаровыя і кеміць ён добра. Але працаваць не ўмее. Ці не атрымліваецца ў яго. Чалавек ніколі не працаваў, дома бацькі яму дапамагалі або сацыяльныя службы", — тлумачыць дырэктар майстэрні.
Як патлумачыў Васіль, у некаторых людзей з абмежаванымі магчымасцямі проста не ўзнікае неабходнасці працаваць.
"Людзі зусім не працуюць, хоць маглі б. Прафесій на самай справе вельмі шмат. Але псіхалагічна гэта вялікая праблема. І ў інвалідаў, і ў іх бацькоў. Многія бацькі самі не вераць у здольнасці дзяцей. Шмат такіх маладых людзей у няўдалых сем'ях. Там наогул ніякіх шанцаў няма. Трэба дзіця прасоўваць, займацца", — да такіх высноў прыйшоў Васіль, шмат гадоў прапрацаваўшы з інвалідамі.
Шведскі сацыялізм на беларускай вытворчасці
Сёння ў майстэрні працуе сем чалавек, але за ўвесь час яе існавання паспрабаваліся каля 30-ці. Аснову працоўнага калектыву складаюць выпускнікі дапаможнай школы.
"Там дзеці разам вучацца, разумеюць адзін аднаго. Калі б яны прыйшлі паасобку, я не ведаю, навучыліся б яны разам працаваць ці не. Цяжка было знайсці да іх падыход. Я назіраў за імі, глядзеў, як яны паміж сабой стасуюцца. Спрабаваў зразумець, паводзіць сябе чалавек натуральна альбо сімулюе нешта", — падзяліўся стваральнік прадпрыемства.
Як патлумачыў Васіль, школа дысцыплінуе. Пасля яе працэс адаптацыі да працоўнага месца адбываецца значна прасцей і больш эфектыўна. Малых, якіх ён браў у майстэрню з вуліцы і якія доўга сядзелі дома, навучыць і адаптаваць было складаней.
Наладзіць узаемадачыненні ў калектыве, усталяваць патрабаванні і правілы дапамог досвед шведскіх сацыяльных кааператываў.
"Я бачыў, што такія прадпрыемствы ёсць і яны працуюць. У Швецыі я запазычыў прынцыпы, на якіх павінна будавацца майстэрня. Я бачыў, што ёсць святло ў канцы тунэлю. Для мяне гэтая мадэль — ідэальная. Я не бачу больш нічога іншага для арганізацыі падобных прадпрыемстваў", — распавёў сацыяльны прадпрымальнік.
Усе прынцыпы шведскай сістэмы працуюць на людзей і для іх. Вось некаторыя з іх: каштоўнасць працы, якасць прадукцыі, кожны працуе на сто працэнтаў ад сваіх магчымасцяў, галоўнае не прыбытак, а ўлік патрэбаў кожнага.
"Майстэрня не можа прыносіць прыбытак"
Але выкананне ўсіх правіл і адладжаная праца не робіць "КерамАРТ" прыбытковым бізнесам ва ўмовах канкурэнцыі на рынку "сувеніркі".
"Прадпрыемства, на якім сто працэнтаў персаналу — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, не можа прыносіць прыбытак. Яно нават не можа развівацца самастойна. Неяк канцы з канцамі зводзіць яшчэ можа", — адзначыў заснавальнік прадпрыемства.
Майстэрня часта ўдзельнічае ў розных праектах і атрымлівае падтрымку ад іх. Гэта таксама дазваляе вывучаць і прымяняць новыя тэхналогіі на вытворчасці.
"На дадзеным этапе мы вырашаем пытанне з набыццём 3D-друкаркі. Бо перад запускам у вытворчасць трэба зрабіць мадэль вырабу. Пакуль мы лепім іх з пластыліну. Але ўжо 21-е стагоддзе, мы і так адсталі. Калі мы не будзем выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, то не зможам канкураваць. Шклянку хлопцы на друкарцы надрукавалі за 40 хвілін. З пластыліну колькі на гэта трэба часу, калі наогул можна такое зрабіць?" — задумаўся дырэктар "КерамАРТ".
У крамах прадукцыя, вырабленая ў майстэрні, ніяк не пазначана і стаіць нароўні з сувенірамі іншых вытворцаў. Майстэрня не адчувае праблем са збытам. У асноўным іх прадукцыю замаўляюць у турыстычных цэнтрах — у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Міры, Ружанах.