МІНСК, 28 кас — Sputnik. Дырэктар Мінскага заапарка затрыманы ў межах справы аб крадзяжы з установы шчанюкоў гіенападобных сабак, паведаміла Sputnik у пятніцу афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
У 2015 годзе Мінскі заапарк ад маскоўскай фірмы "АфроЗоо" атрымаў чатырох гіенападобных сабак з умовай, што калі з'явяцца шчанюкі, то заапарк павінен вярнуць іх кампаніі. У красавіку бягучага года сем гіенападобных сабак аператыўнікі выявілі ў хляве жыхара вёскі Стрыгава ў Кобрынскім раёне, жывёл вярнулі ў заапарк. Пасля з'явілася інфармацыя, што дырэктар заапарка ўцёк.
"Службовая асоба, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы ў карыслівых мэтах, у парушэнне заключанай дамовы, арганізавала вываз шчанюкоў гіенападобных сабак з тэрыторыі заапарка ў Брэсцкую вобласць для продажу", — сказала Ганчарова.