МІНСК, 2 ліс — Sputnik. Цырымонія падпісання супольнай заявы міністраў аховы здароўя краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі па ВІЧ і сухотах пройдзе ў Мінску 3 лістапада, паведамілі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.
"Заява "ВІЧ і сухоты: лячэнне для ўсіх" будзе падпісана па выніках рэгіянальнай нарады прадстаўнікоў аховы здароўя Армані, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны пры арганізацыйнай падтрымцы Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС), Глабальнага фонду для змагання са СНІДам, сухотамі і малярыяй, і партнёрствы "Спыніць сухоты", пры прадстаўніках грамадскіх і міжнародных арганізацый", — паведамілі Sputnik у сераду ў прадстаўніцтве ААН у Мінску.
Дадзены дакумент будзе прыняты з мэтай павелічэння маштабаў лячэння і пашырэння доступу да якасных і недарагіх антырэтравірусных і супрацьсухотных прэпаратаў у краінах рэгіёна Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
У імпрэзе возьмуць удзел міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, выканаўчы дырэктар Глабальнага фонду па змаганні з сухотамі, СНІДам і малярыяй Марк Дайбл, памочнік генеральнага сакратара ААН, намеснік выканаўчага дырэктара Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) Луіс Лурес, выканаўчы дырэктар партнёрства "Спыніць сухоты" Лючыка Дзіціў, спецыяльны пасланнік генеральнага сакратара ААН па пытаннях ВІЧ/СНІД у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Мішэль Казачкін.
У прадстаўніцтве адзначылі, што паказнікі ўзросту ВІЧ-інфекцыі і ўзровень захворвання на сухоты са множнай лекавай устойлівасцю (МЛУ-С) у рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі па-ранейшаму застаюцца самымі высокімі ў свеце. У рэгіёне ў перыяд з 2010 па 2015 год назіралася павелічэнне штогадовага ліку новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі на 57%. "З 30 краін свету з высокім цяжарам МЛУ-С 9 краін знаходзяцца ў рэгіёне (Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Узбекістан і Украіна)", — сказалі суразмоўцы агенцтва.
Павелічэнне маштабаў антырэтравіруснага і супрацьсухотнага лячэння за кошт сродкаў з дзяржаўных бюджэтаў дыктуе патрэбу кардынальна зменшыць кошты на гэтыя прэпараты з дапамогай такіх механізмаў як міжнародныя закупы, а ў доўгатэрміновай перспектыве развіццё патэнцыялу мясцовых вытворцаў, — адзначылі ў прадстаўніцтве ААН у Мінску.