МІНСК, 4 ліс — Sputnik. Поўная адмена санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі паслужыла б больш дынамічнаму развіццю супрацоўніцтва паміж краінамі, заявіў міністр эканомікі рэспублікі Уладзімір Зіноўскі падчас сустрэчы з кіраўніком амерыканскай дыпмісіі ў пятніцу.
Як паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі, галоўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне патэнцыялу развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША, узаемадзеяння ў гуманітарнай сферы, перспектыў супрацоўніцтва з рэгіёнамі ЗША.
"Мы перакананыя ў тым, што поўная адмена існуючых санкцый ЗША паслужыла б больш дынамічнаму развіццю двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", — заявіў Зіноўскі падчас сустрэчы.
Міністр падкрэсліў, што супрацоўніцтва краін ужо мае сваю гісторыю, "таму наша задача — падтрымліваць і памнажаць напрацаванае".
"Нам неабходна не спыняцца на дасягнутых выніках супрацоўніцтва і працягваць рэгулярны дыялог для павышэння яго якасці і эфектыўнасці", — сказаў на заканчэнне кіраўнік Мінэканомікі Беларусі на сустрэчы з часовым павераным.
У кастрычніку гэтага года Вашынгтон прыняў рашэнне аб падаўжэнні рэжыму прыпынення санкцый супраць шэрагу беларускіх кампаній на паўгода да 30 красавіка 2017 года.