МІНСК, 4 ліс — Sputnik. Учора пайшоў з жыцця "сонечны клоўн" Алег Папоў. Дырыжор Міхаіл Фінберг шмат гадоў кіраваў аркестрам Мінскага дзяржцырка і добра ведаў Алега Канстанцінавіча.
"Я быў знаёмы з Алегам Паповым з 1980 года. Ён быў без перабольшання выдатным майстрам. Калі савецкі цырк упершыню выехаў на замежныя гастролі, ён адразу стаў самым папулярным цыркам у свеце", — падзяліўся Міхаіл Фінберг.
Міхаіл Якаўлевіч са сваім аркестрам "шанхайцы" — выдатных музыкаў, якія вярнуліся пасля вайны з шанхайскай эміграцыі, падрыхтаваў з Паповым некалькі праграм.
"Хочацца ўспомніць праграму, якую я правёў з Алегам Канстанцінавічам ў 1980-м годзе, калі праходзіла Алімпіяда. Справа была ў Маскоўскім старым цырку. Мяне ўразіла яго адданасць працы. Папоў быў чалавекам, які першым прыходзіў у цырк і апошнім з яго сыходзіў. Ён нешта габляваў, пілаваў, маляваў, рэпетыраваў — ён заўсёды быў у працы", — успамінае Фінберг.
А аднойчы Фінберг быў на гастролях з Алегам Паповым у Югаславіі.
"Усе гэтыя гастролі я назіраў такое, чаго больш ніколі не бачыў — калі свет, цэлы свет імпрэсарыа прыехаў да Алега Канстанцінавічу, усе яго запрашалі да сябе. Яго усе ведалі, ён усіх ведаў, і ўсе былі б шчаслівыя яго бачыць у сябе на гастролях. Тады, у Югаславіі, я напісаў музыку для некалькіх яго рэпрыз", — распавёў Фінберг.
Міхаіл Якаўлевіч выказаў упэўненасць, што нягледзячы на ад'езд у Нямеччыну, у якой Сонечны клоўн і жыў у апошнія гады, ён заўсёды любіў Расію і не трымаў на яе крыўды.
"І атрымалася так, што і памёр у Расіі", — дадаў Фінберг.