МІНСК, 8 ліс — Sputnik. Званне ганаровага жыхара горада Зеленаградску прысвоена прадстаўніку Міністэрства спорту і турызму Беларусі Андрэю Фомачкіну, які атрымаў вядомасць дзякуючы інцыдэнту з расійскім сцягам на адкрыцці Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.
Беларуская дэлегацыя, у складзе якой знаходзіўся Фомачкін, у Зеленаградску (Калінінградская вобласць Расіі — Sputnik) 4 лістапада сустрэлася з часова выконваючым абавязкі губернатара Калінінграда Антонам Аліханавым. На сустрэчы было агучана рашэнне дэпутатаў Зеленаградскай гарадской акругі ўзнагародзіць беларускага спартовага чыноўніка медалём "Да 70-годдзя Калінінградскай вобласці" за ўклад у сяброўства паміж Беларуссю і Расіяй і прысвоіць званне ганаровага жыхара Зеленаградску.
Прывілеі ганароваму жыхару
Паводле інфармацыі, размешчанай на партале ўрада рэгіёну, ганаровы жыхар атрымлівае штомесяц на працягу ўсяго жыцця пенсён у памеры 5000 расійскіх рублёў ($78,45 па курсе на 8 лістапада — Sputnik). Акрамя таго, уладальнік гэтага звання можа бясплатна карыстацца муніцыпальным транспартам, а таксама атрымлівае шэраг іншых ільгот.
Бясплатны адпачынак для паралімпійцаў
Зеленаградская асацыяцыя рэстаратараў і гательераў перадала дэлегацыі з Беларусі сертыфікат на наведванне рэгіёну беларускімі паралімпійцамі. У сваю чаргу Фомачкін перадаў кіраўніку рэгіёну яшчэ адзін расійскі сцяг, які пабываў на адкрыцці Паралімпіяды. "Прыміце яго як сімвал дружбы нашых народаў… Сваёй акцыяй у Рыа-дэ-Жанейра мы хацелі паказаць яднанне нашых народаў. Прадэманстраваць усяму свету, што нельга крыўдзіць спартсменаў-паралімпійцаў", — сказаў прадстаўнік Мінспорту Беларусі.