МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Міністэрства замежных спраў Латвіі і нацыянальная латвійская авіякампанія AirBaltic з 15 лістапада 2016 года да 14 студзеня 2017 года праводзяць акцыю па прыцягненні беларускіх турыстаў: пры захаванні ўмоў акцыі яны змогуць у гэтыя дні ўехаць у краіну без выплаты консульскага збору за адкрыццё візы.
Консульскі збор для грамадзян Беларусі за адкрыццё латвійскай візы складае 60 еўра.
"Гэта беспрэцэдэнтная акцыя МЗС Латвіі і авіякампаніі AirBaltic. Па ўмовах акцыі — гэта не менш за 2 начы знаходжання ў гатэлі і наяўнасць авіябілета AirBaltic — для ўсіх беларускіх турыстаў, якія наведваюць Латвію з сённяшняга дня і да 14 студзеня, плаціць консульскі збор за візу будзе не трэба", — паведамілі Sputnik у пасольстве Латвіі ў Беларусі.
Для таго, каб атрымаць бясплатную латвійскую візу, неабходна набыць квіток з Мінска ў Рыгу (і назад) з вылетам у перыяд 14 лістапада — 15 студзеня на ўласныя рэйсы АirBaltic (ВТ413 і ВТ412), забраніраваць гатэль у Латвіі мінімум на дзве ночы і падаць усе дакументы ў пасольства Латвіі ў Мінску.
У пасольстве заўважылі, што аб правядзенні гэтай акцыі было абвешчана падчас першага латвійска-беларускага турыстычнага бізнес-форуму, які прайшоў у Мінску 10 лістапада. На сённяшні дзень кошт авіяпералёту Мінск — Рыга — Мінск складае каля 150 еўра.