Незвычайная экспазіцыя дае магчымасць дзецям з аслабленым зрокам навобмацак пазнаёміцца з сюжэтамі вядомага мастака з беларускага Віцебска.
На выставе прадстаўлены больш за 20 работ студыі вырабаў са шкла "Аліса ў Залюстроўі", створаных па матывах работ Марка Шагала ў тэхніцы ф'юзінг (спяканне выкладзенага пэўным чынам шкла ў печы).
"Тэхніка, у якой мы працуем, прадугледжвае аб'ём і тактыльнасць. Мы не пазіцыянавалі і не рыхтавалі нашу выставу як праект для людзей са слабым зрокам. Проста ў пэўны момант да нас у майстэрню прыйшлі бацькі з незвычайным дзіцем. Мае мастачкі акурат працавалі над карцінай Левітана "Від на Ніжні Ноўгарад". Хлопчык паклаў рукі на карціну і сказаў: "Ой, мамачка, гэта ж мора". І тады ў маёй галаве нарадзілася ідэя — дапамагчы такім дзеткам убачыць карціны", — распавяла на прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным цэнтры Sputnik кіраўнік студыі вырабаў са шкла "Аліса ў Залюстроўі" Дыяна Скачко.
Выстава "Каханне — гэта палёт" працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі з 17 лістапада па 20 снежня 2016 года.