МІНСК, 21 ліс — Sputnik. Роля Мінска ў забеспячэнні стабільнасці на еўрапейскім кантыненце будзе ўзрастаць, заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведаміла РІА "Новости".
"За апошнія гады свет не стаў стабільнейшым. Усе востра адчуваюць, як праблемы, якія ўзнікаюць у адной яго частцы, нечакана выяўляюцца на іншым канцы кантынента. Сур'ёзна змяніўся міжнародны кантэкст і вакол нашай краіны, якая апынулася ў зоне прамога сутыкнення разнаскіраваных геапалітычных інтарэсаў вялікіх гульцоў", — заявіў Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, Беларусі "ўдалося захаваць стабільнасць і парадак, прадэманстраваць, што краіна адбылася як суверэнная дзяржава і праводзіць узважаную ўнутраную і знешнюю палітыку".
"Наша краіна — адзіная з шасці ўдзельніц (праграмы ЕС — Sputnik) "Усходняга партнёрства", дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты", — падкрэсліў Лукашэнка і дадаў, што "гэта вельмі цікава, выгадна і трэба ЕС".
Прэзідэнт дадаў, што рэспубліка ўносіць "важкі ўклад у барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі".
"Канструктыўныя ініцыятывы нашага боку спрыялі таму, што Мінск стаў, па сутнасці, ідэальнай перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Упэўнены, што ў сучасных умовах каштоўнасць Беларусі як стабілізуючага фактара ў Еўропе будзе толькі ўзрастаць. І гэта вельмі патрэбна Еўропе, яна можа заўжды скарыстацца гэтым фактарам", — сказаў на заканчэнне ён.
З пачатку ваеннай аперацыі ў Данбасе Мінск стаў перагаворнай пляцоўкай для бакоў канфлікту. З верасня 2014 года ў ходзе сустрэч у Мінску кантактнай групы прынята ўжо тры дакументы, якія рэгламентуюць крокі па дэскалацыі канфлікту. Улады Украіны ў красавіку 2014 года пачалі ваенную аперацыю супраць самаабвешчаных ЛНР і ДНР, якія заявілі аб незалежнасці ў лютым 2014 года. Па апошніх дадзеных ААН, ахвярамі канфлікту сталі больш за 9,6 тысячы чалавек.